Балыкін: беларускіх бізнесоўцаў чакае “паляванне на ведзьмаў”


У Беларусі з’явіцца рэестр псеўдапрадпрымальніцкіх структураў.

“Пры ажыццяўленні гаспадарчай дзейнасці платнікі змогуць звярнуцца да рэестра, каб спраўдзіць, ці не знаходзіцца іх бізнес-партнёр у спісе. Любыя ўгоды з псеўдапрадпрымальніцкаю структураю будуць мець падатковыя наступствы”, – адзначыў намеснік старшыні галаўнога кіраўніцтва метадалогіі падаткаабкладання арганізацыяў Міністэрства падаткаў і збораў Юрый Канавалаў. З ягоных словаў, рыхтуецца праект указу аб стварэнні рэестру.

На меркаванне кіраўніка Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргея Балыкіна, новаўвядзенне можа стаць своеасаблівым “паляваннем на ведзьмаў”, бо хутчэй за ўсё занясенне суб’ектаў гаспадарання ў рэестр будзе ажыццяўляцца без пастановы суда, на аснове адных толькі падазрэнняў.

Сяргей Балыкін адзначае, што застаюцца незразумелыя крытэрыі, паводле якіх суб’ект гаспадарання будзе трапляць у “чорны спіс”. “Можа стацца, што пад фармальныя крытэрыі трапяць добрасумленныя прадпрымальнікі, а сапраўдныя псеўдаструктуры змогуць абысці закон, – адзначыў эксперт. – За апошнія гады спецыялісты ва ўхіленні ад падаткаў давялі свае навыкі да дасканаласці. Яны выкарыстоўваюць падстаўных асобаў – студэнтаў, бяздомных, алкаголікаў. Разнастайнасць прыёмаў дазваляе схаваць сапраўдных уладальнікаў ценявога бізнесу”.

Эксперт не разумее, навошта ствараць рэестр, бо дзейнасцю псеўдапрадпрымальніцкіх структураў займаюцца праваахоўныя органы. Ён адзначыў, што беларускі бізнес і зарубежныя партнёры з асцярогаю ставяцца да новаўвядзення.

belsat.eu

Стужка навінаў