Іран: Перамагаюць супернікі Ахмадынэжада


Паводле папярэдніх вынікаў парламенцкіх выбараў, якія адбыліся ў Іране 2 сакавіка, наперадзе кансерватыўныя супернікі іранскага прэзідэнта Махмуда Ахмадынэжада. Апазіцыя адмовілася ад удзелу, бо падазрае ўлады ў фальсіфікацыях.

На 290 месцаў у меджлісе (парламенце Ісламскай Рэспублікі) прэтэндавалі больш як 3,4 тыс. кандыдатаў – амаль па 12 асобаў на мандат.

Асноўныя апазіцыйныя і рэфармісцкія партыі байкатавалі выбары, заявіўшы, што сумняюцца ў празрыстасці працэсу. Прыкладам, гэтак зрабіў найбуйнейшы рэфармісцкі блок – Фронт ісламскага ўдзелу Ірану. Таму, паводле прагнозаў экспертаў, кіраўнічы альянс кансерватыўных партыяў “Абадґаран” атрымае перамогу без асаблівых высілкаў.

Улады актыўна агітавалі насельніцтва ўзяць удзел у выбарах. “Наш прагрэс у навуцы і эканоміцы залежыць ад твайго голасу”, – абвяшчаюць лозунгі на вуліцах Тэгерану.

У сераду кіраўнік Ісламскай Рэспублікі аятала Алі Хамэнэі звінаваціў Злучаныя Штаты ў тым, што яны ды іх саюзнікі спрабуюць прымусіць іранцаў устрымацца ад галасавання. “Актыўны ўдзел у выбарах прадэманструе нашым ворагам, што яны не могуць супрацьстаяць нашаму вялікаму народу”, – заявіў аятала.

Кіраўнік спецслужбаў Ірану Хэйдар Маслехі (Heydar Moslehi), у сваю чаргу, заявіў, што “актыўны прыход выбарнікаў стане аплявухаю напышлівым замежным дзяржавам”.

Папярэднія выбары ў Іране праходзілі ў чэрвені 2009 года. Тады абранне Ахмадынэжада прэзідэнтам краіны выклікала масавыя вулічныя пратэсты апазіцыі, задушаныя ўладамі.

belsat.eu

Стужка навінаў