Расея: Абвесцілі вынікі «кафеінавых» выбараў


Каб прагаласаваць за свайго кандыдата, дастаткова замовіць каву з ягоным партрэтам. Перамог мільярдэр Прохараў.

Калі сталіся вядомыя кандыдаты на прэзідэнта Расеі, у маскоўскай кавярні “Кафеін” падрыхтавалі адпаведную колькасць адмысловых трафарэтаў, з дапамогаю якіх пенку на лятэ або капучына аздабляюць шакаладнаю выявай улюбёнага палітыка. Пры гэтым кававары падлічваюць колькасць галасоў, а вынікі «выбараў» можна пабачыць тут жа ў кавярні – у рэжыме он-лайн.

Большасць наведнікаў з задавальненнем выконвае свой грамадзянскі абавязак, а некаторыя – нават некалькі разоў на дзень.

Вынікі выбараў у кавярні абвесцілі за два дні да пачатку сапраўдных – 2 сакавіка. “Кафеін” наведвае шмат падлеткаў, канстытуцыйных абмежаванняў для ўдзелу ў галасаванні пастанавілі не ўводзіць. Агулам у “выбарах” узялі ўдзел каля 20 тыс. чалавек. Перамог мільярдэр Міхаіл Прохараў: за яго прагаласавалі 50,3 % аматараў кавы. Дзейны прэм’ер Уладзімір Пуцін адстае амаль удвая: ягоны вынік – 24,3 %. Уладзіміру Жырыноўскаму (Ліберальна-дэмакратычная партыя Расеі) свае галасы аддалі 9,5 % аматараў кавы, Генадзю Зюганаву (Камуністычная партыя Расейскай Федэрацыі) – 8,5 %. Самым непапулярным у “Кафеіне” аказаўся Сяргей Міронаў (“Справядлівая Расея”) – 7 %.

Хоць вынікі кававага галасавання не паўплываюць на афіцыйныя звесткі, яны адлюстроўваюць погляды маладых расяянаў, якія апошнім часам пачалі надаваць больш увагі палітычным падзеям у краіне.

belsat.eu

Стужка навінаў