Вінаградаў знайшоўся. Яго зноў будуць судзіць


Лідар маладзёжнага крыла кампаніі “Гавары праўду!” Павел Вінаградаў, якога мусілі 2 сакавіка вызваліць з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Менгарвыканкама пасля 10-сутачнага арышту, ізноў затрыманы і змешчаны ў ЦІП. Пра гэта паведаміла яго жонка Святлана.

Нагадаем, 2 сакавіка а 18.00 родныя, блізкія і сябры сабраліся каля ЦІПа на вуліцы Акрэсціна, каб сустрэць Вінаградава. Яны прыгатавалі яму невялікія падарункі ў выглядзе плюшавых цацак, з-за якіх ён і быў асуджаны. Аднак ніхто да іх не выйшаў. Прачакаўшы больш за гадзіну, прысутныя сталі высвятляць, дзе Павел можа знаходзіцца, таму што адміністрацыя ЦІПа праінфармавала іх аб тым, што на тэрыторыі гэтай установы яго няма. Мабільны тэлефон Вінаградава знаходзіўся па-за зонай доступу сеткі. Яны з’ездзілі ў Маскоўскае РУУС, каб даведацца аб месцы знаходжання Вінаградава, але там ім сказалі, што ў раённым упраўленні яго таксама няма.

Як сказала Святлана Вінаградава, ёй патэлефанаваў нейкі супрацоўнік міліцыі і паведаміў, што Павел затрыманы за адміністрацыйнае правапарушэнне міліцыянерамі Маскоўскага РУУС і зноў змешчаны ў ЦІП. Святлана нават выказала меркаванне, што мужа наогул маглі не выпускаць з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў, а той, хто тэлефанаваў, — супрацоўнік ЦІПа.

Суд над Вінаградавым пройдзе 5 сакавіка.

Вінаградаў быў асуджаны ў судзе Маскоўскага раёна Менска 22 лютага за акцыю “Ігрушко мітынгуэ!”, што прайшла ў сталіцы 10 лютага ў межах кампаніі “Хопіць ныць!”, якую праводзіць “Zмена”. Перад уваходам у Менгарвыканкам актывісты маладзёжнага крыла “Гавары праўду!” размясцілі дзевяць плюшавых цацак з плакатамі. На плакатах утрымліваліся патрабаванні свабоды прэсы, вызвалення палітзняволеных і іншыя лозунгі.

Нагадаем, сёння выпадкова стала вядома, што асуджанаму на 10 сутак актывісту “Гавары праўду!” Аляксандру Арцыбашаву 1 сакавіка дадалі яшчэ 7 сутак арышту за акцыю “Хрэн ад прэзідэнта”. Яго сваякам пра гэта не паведамілі, інфармуе сайт zapraudu.info.

Арцыбашава затрымалі 22 лютага прама каля будынка суда Маскоўскага раёна Мінска, дзе ён хацеў уручыць перадачу Паўлу Вінаградаву. Асудзілі Арцыбашава 23 лютага ў гэтым жа судзе.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары