Навіны на «Белсаце» – штогадзіну з 5 сакавіка


З 5 сакавіка на «Белсаце» у вечаровым эфіры тэлеканалу кожная гадзіна будзе пачынацца інфармацыйнаю праграмаю «Аб’ектыў». Галоўнае выданне «Аб’ектыву» – як заўсёды а 21:00. Перад «Аб’ектывам» і пасля яго – прэм’ерныя публіцыстычныя праграмы «Белсату»: палітычныя, эканамічныя і культурныя. Вясновая тэлепраграма з павялічанаю колькасцю інфармацыі – гэта чарговы этап у развіцці тэлеканалу.

Аляксей Дзікавіцкі, кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграмаў незалежнага
тэлеканалу: «Нашыя гледачы могуць быць пэўныя, што кожная гадзіна на «Белсаце»,
з 18-й да 21-й, будзе пачынацца выданнем навінаў – гэтак лягчэй сачыць за апошнімі
падзеямі».

З панядзелка да пятніцы першае выданне інфармацыйнай праграмы «Аб’ектыў», а 18:00,
будзе ўзбагачанае аглядам прэсы ды інтэрнэту. Другое, абноўленае, – а 19:00. Адразу
пасля яго – актуальная размова дня ў праграме «Гарачы каментар». «Аб’ектыў» а 20:00
будзе дапоўнены навінамі спорту і надвор’ем.

У выходныя – інфармацыйныя праграмы без зменаў. У суботу – кароткае
выданне «Аб’ектыву» а 18:00 і галоўнае выданне а 21:00. У нядзелю – «Тыдзень
у «Аб’ектыве» а 21:00.

У вясновай сетцы трансляцыі можна будзе пабачыць праграмы «Белсату», якія стала
карыстаюцца папулярнасцю гледачоў.

Сяргей Пеляса, рэдактар праграмнага сакратарыяту тэлеканалу: «Паміж інфармацыйнымі
праграмамі, як і цяпер, можна будзе паглядзець палітычныя, эканамічныя і культурныя
праекты «Белсату», дакументальныя фільмы, а таксама мультфільмы для самых
маленькіх».

У панядзелкі пасля «Аб’ектыву», а 21:25, – культурныя часопісы «Рэмарка» і «Прыватная
калекцыя».

Аўторкамі – эканамічныя праграмы «Сальда» і «Асабісты капітал».

Серада – гэта час на рэпартаж з цыклю «Без рэтушы».

У чацвер на «Белсаце» – часопіс «Рэпартэр», папераменна з праграмаю «Маю права», а
таксама ток-шоу «Форум». Таксама ў чацвер а 20:45 – заўсёды прэм’ерная серыя «Гісторыі
пад знакам Пагоні».

У пятніцу рэкамендуем дакументальныя фільмы з цыклу «Невядомая Беларусь», якія ў
супрацы з «Белсатам» здымаюць найлепшыя беларускія дакументалісты. А таксама –
міжнародны часопіс «ПраСвет» (а 20:35).

У суботу ў публіцыстычным блоку варта паглядзець «Два на два» – размовы на самыя
актуальныя для Беларусі тэмы. А таксама праграму «Зона свабоды», якую ствараюць
журналісты беларускай рэдакцыі радыё «Свабода».

У нядзелю запрашаем на «Эксперта» і «Моўнік».

Акрамя таго – праграмы для дзяцей, замежныя дакументальныя і мастацкія стужкі ды
серыялы. Дэталёвая тэлепраграма даступная на сайце www.belsat.eu.

Стужка навінаў