Сваякі ды сябры Паўла Вінаградава не могуць яго знайсці


Сёння а 18:35 яго павінны былі выпусціць з Акрэсціна, дзе яго трымалі апошнія 10 содняў за правядзенне несанкцыянаванага мітынгу.

Сябры чакалі Паўла больш за гадзіну, але да іх ніхто не выйшаў. Адміністрацыя Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў паведаміла, што Вінаградава ў іх няма.

Як расказала “Белсату” Святлана Вінаградава, мабільны тэлефон мужа дагэтуль недасяжны і па-ранейшаму невядома, дзе ён. Яна працягвае тэлефанаваць у РАУС гораду, аднак аніякай інфармацыі там таксама не паведамляюць. “Я зарэгістравала запыт ў Бюро няшчасных выпадкаў – туды паступае ўся інфармацыя з міліцыі, моргаў і шпіталяў. Там мне сказалі, што звестак пра Паўла Вінаградава не маюць, але калі нешта з’явіцца, павінны ператэлефанаваць. Зараз працягваем пошукі”.

Нагадаем, што пасля ягонага арышту сябры і сваякі таксама шукалі актывіста некалькі гадзінаў. Арыштаваны ж Павал быў за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу цацак, за што пакараны Маскоўскім судом на 10 содняў арышту.

“Як звычайна, сведкі хлусілі, а суд вынес досыць вялікі прысуд незразумела за што – за мітынг цацак, дзе Паўла нават побач не было”, – пракаментаваў судовае паседжанне бацька актывіста Юрый Вінаградаў. Гэта другі адміністрацыйны прысуд у адносінах Паўла Вінаградава пасля ягонага датэрміновага вызвалення за Плошчу-2010. Пасля трэцяга прысуду да яго могуць ужыць санкцыі абмежавальнага характару.

Сёння Аляксандру Арцыбашаву, таксама асуджанаму за “цацачную акцыю”, дадалі яшчэ 7 содняў арышту – за акцыю “Хрэн ад прэзідэнта”. Ягоным сваякам пра новы тэрмін не паведамілі.

belsat.eu

Стужка навінаў