Амбасадар КНР пракаментаваў сітуацыю з кітайскімі інвестыцыямі ў Менску


Надзвычайны і паўнамоцны пасол Кітаю Гун Цзянь Ўэй (Gong Jian Wei) запэўніў менчукоў і жыхароў Смалявіцкага раёну, дзе маюць пабудаваць кітайскі індустрыяльны парк, у тым, што іхныя правы не будуць парушаныя.

На пытанне, ці будзе ён сустракацца з жыхарамі, якія выступаюць супраць будаўніцтва гатэлю “Пекін” у парку 40-годдзя Кастрычніка, Гун Цзянь Ўэй адказаў адмоўна. “Гэта (будаўніцтва “Пекіна”) рашэнне ўраду Рэспублікі Беларусь. Наўпроставыя кітайскія інвестыцыі ідуць у Беларусь на аснове міжурадавых пагадненняў. Мы строга кіруемся тымі палажэннямі, якія прадугледжваюць нашыя пагадненні. Будзем будаваць добры гатэль для мянчан”, – заявіў амбасадар КНР.

Паводле дыпламата, урэгуляваць рознагалоссі – задача ўладаў Белврусі, у той час як кітайскі бок мусіць забяспечыць дасягнутыя раней дамоўленасці.

Адказваючы на пытанне наконт перасцярог жыхароў Смалявіцкага раёну ў сувязі з гвалтоўнаю канфіскацыяй іхнай уласнасці пад будаўніцтва беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку, амбасадар КНР падкрэсліў, што пра такія захады не ідзецца. “Гаворка пра добраўпарадкаванне прамысловага парку. Гэта пляцоўка не толькі для кітайскіх і беларускіх кампаніяў, але і для перадавых сусветных. Гэта будаўнічая пляцоўка, гэта не чыясьці пляцоўка. Для ўсіх, хто жадае, яна даступная. На прапанаваных умовах”, – сказаў Гун Цзянь Ўэй, дадаўшы, што ніякага “чайна-таўну” кітайскія кампаніі будаваць не будуць. “Нашыя кампаніі будуюць жылыя кварталы, каб потым перадаць менчукам. І ўсё”, – адзначыў амбасадар КНР.

У сваю чаргу намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік заявіў, што дачныя кааператывы ды вёскі не пацярпяць. Пад парк адвялі 8 тысяч гектараў. “На гэтай тэрыторыі размешчаныя некалькі вёсак, дачных кааператываў ці надзелаў, але іх ніхто ніколі не будзе чапаць”, – сказаў Тозік. Падрыхтаваны ўказ прэзідэнта, у які ўнесеная адпаведная норма.

Намеснік прэм’ер-міністра падкрэсліў, што тэрыторыі досыць для таго, каб на ёй суіснавалі і вёскі з дачнымі надзеламі, і індустрыяльны парк. Ён прывёў у якасці прыкладу свабодную эканамічную зону “Берасце”, якая існуе з 1996 года. Яе тэрыторыя – 7,5 тыс. га, але пад прамысловыя прадпрыемствы занялі толькі прыкладна 200 га.

Тозік запэўніў, што пры будаўніцтве парку захаваюць усе экалагічныя нормы. “Мы ж там не будзем будаваць заводы з дымнымі комінамі, там будуць абсалютна чыстыя экалагічныя прадпрыемствы, якія будуць цалкам адпавядаць экалагічным патрабаванням і Еўропы, і Беларусі, – сказаў ён. – Таму няма ніякіх падстаў асцерагацца з-за гэтага”.

У парку будуць створаныя тысячы працоўных месцаў для грамадзянаў Беларусі, падкрэсліў Тозік.

belsat.eu

Стужка навінаў