Апытанне: як Беларусі памірыцца з Еўразвязам?


Самаю скандальнаю падзеяй тыдня стаў ад’езд з Менску амбасадараў еўрапейскіх дзяржаваў у адказ на рэкамендацыю ўладаў РБ кіраўніцы прадстаўніцтва ЕЗ Майры Муоры (Majra Mora) і амбасадару Польшчы Лешэку Шэрэпку (Leszek Szerepka) “выехаць у свае сталіцы для кансультацыяў, каб давесці свайму кіраўніцтву цвёрдую пазіцыю беларускага боку аб непрымальнасці ціску і санкцыяў”.

Журналісты пацікавіліся ў менчукоў: што Беларусі трэба зрабіць, каб памірыцца з Еўразвязам?

“Мы з імі не сварыліся. Яны ўсю гэту кашу заварылі, ім і трэба рабіць захады, каб памірыцца. Мы заўсёды заяўлялі, што гатовы сябраваць з усімі. Ніякіх прэтэнзіяў у Беларусі ні да адной суседняй краіны няма”, – упэўнены мужчына.

“Любая краіна не можа існаваць без падтрымання і нармальных палітычных адносінаў з суседнімі краінамі, таму супрацоўнічаць з Еўропай у любым выпадку трэба”, – кажа жанчына.

“Памірыцца трэба ў любым разе, бо гэта наш асноўны гандлёвы партнёр, але як – не ведаю”, – выказваецца наступная апытаная.

“Ну як: памяняць Лукашэнку – і ўсё. Лукашэнку далоў – і ўсё. Дыктатарам няма месца ў Беларусі”, – заявіў мужчына.

“Няма чаго з імі мірыцца, яны самі з намі памірацца”, – не хвалюецца мужчына сталага веку.

“Хай чытаюць Маркса, там усё напісана, як людзі ды нацыі міжсобку мірацца”, – параіў мужчына, аднак не ўдакладніў, якому боку раіць узяцца за чытанне класіка.

“Мазгі народу памяняць”, – адрэзала жанчына.

“А трэба рабіць такім жа чынам, як і Еўразвяз: яны робяць санкцыі, трэба і нам увесці падаткі для іхных фірмаў”, – кажа пенсіянер.

belsat.eu

Стужка навінаў