Генпракуратура: апазіцыянераў могуць уключыць у спіс невыязных


Заклікі да ўзмацнення санкцыяў будуць расцэньваць як пагрозу для эканамічнай і нацыянальнай бяспекі.

Начальнік упраўлення нагляду за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Генпракуратуры Павел Радзівонаў пацвердзіў, што супраць апазіцыянераў, якія заклікаюць парламентарыяў ЕЗ да ўзмацнення санкцыяў супраць Беларусі, могуць завесці крымінальныя справы. І гэта будзе падставаю для забароны выезду за мяжу.

«Апошнім часам мы сутыкаемся з актывізацыяй дзейнасці асобаў, якія заклікаюць замежныя дзяржавы і міжнародныя арганізацыі да ўвядзення санкцыяў у дачыненні Беларусі, у тым ліку санкцыяў эканамічнага характару. Прычым санкцыі прапаноўваліся ў дачыненні ўсяго народу: дзяцей, сталых людзей, працоўных і служачых, – падкрэслівае Радзівонаў. – Гэтыя дзеянні могуць выклікаць прыцягненне да крымінальнай адказнасці».

У такім выпадку Генеральная пракуратура абяцае звярнуцца да праваахоўнікаў Расеі. «Каб злачынцы не маглі з’ехаць праз тэрыторыю суседняй краіны, з якой у нас адсутнічае мяжа», – патлумачыў Павел Радзівонаў.

Як патлумачыла юрыстка Святлана Шлома, паводле беларускага заканадаўства да людзей, якія маюць дачыненне да дзеянняў крымінальна-прававога характару, а таксама іншых правапарушэнняў, сапраўды могуць ужывацца захады абмежавальнага характару, у тым ліку абмежаванне права на выезд з краіны. «Іншае пытанне, наколькі законна будуць заведзеныя гэтыя справы. І ці зможа Генпракуратура даказаць віну тых, хто нібыта заклікае да санкцыяў», – кажа яна.

«Калі прадпрыемства або грамадзянін, чые правы праз санкцыі ЕЗ і ЗША былі абмежаваныя, звернецца ў Генпракуратуру, у нас будуць рэальныя падставы для адкрыцця крымінальных справаў і прыцягнення да адказнасці. Калі ўрад палічыць, што дзяржаве нанесеная шкода эканамічнага, палітычнага або іміджавага характару і звернецца ў пракуратуру з прапановаю даць юрыдычную ацэнку дзеянням пэўных людзей, мы таксама маем права пачаць крымінальную справу», – дадае прадстаўнік Генпракуратуры.

Нагадаем, што дагэтуль ад ананімных крыніцаў, блізкіх да кіраўніцтва дзяржавы, паступіла інфармацыя, што ўлады Беларусі склалі спіс са 108 прозвішчаў людзей, якім забароняць выезд за межы Беларусі. Падстава для забароны – заявы пра неабходнасць узмацніць візавыя і эканамічныя санкцыі супраць беларускага рэжыму і паплечнікаў Лукашэнкі. Крыніца паведаміла, што ў спіс уваходзяць Аляксандр Ярашук (лідар незалежных прафсаюзаў), Жана Літвіна (старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў) і Станіслаў Шушкевіч (старшыня партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада»).

У Беларусі ўжо існуе спіс асобаў, права якіх на выезд часова абмежавалі. Паводле ацэнак Генпракуратуры, у ім больш за тысячу чалавек. Абмежаванне не звязанае з палітыкай або эканамічнымі санкцыямі. У гэты спіс уваходзяць людзі, датычныя да крымінальна-прававога пераследу або невыканання абавязацельстваў у межах грамадзянскага судаводства: пазыкі перад судом, нявыплачаныя аліменты і г. д.

belsat.eu

Стужка навінаў