Амбасадар ЗША пры АБСЕ: Менск рухаецца ў кірунку самаізаляцыі


Падзеі апошніх дзён паказваюць, што беларускі рэжым працягвае рухацца ў кірунку рэпрэсіяў, самаізаляцыі ды пагаршэння адносінаў з Еўразвязам. Пра гэта заявіў амбасадар ЗША пры АБСЕ ў Вене Іян Келі 2 сакавіка падчас відэабрыфінгу, арганізаванага амерыканскай амбасадай для беларускіх журналістаў.

Ён падкрэсліў, што Злучаныя Штаты занепакоеныя і шкадуюць пра дзеянні беларускага рэжыму ў дачыненні еўрапейскіх дыпламатаў. Акрамя таго, ЗША па-ранейшаму «глыбока занепакоеныя з парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, а таксама з апошніх палітычна матываваных прысудаў актывістам апазіцыі Сяргею Каваленку, Паўлу Вінаградаву і Аляксандру Арцыбашаву».

«Мы заклікаем неадкладна і безумоўна вызваліць і цалкам рэабілітаваць усіх палітвязняў у Беларусі, – падкрэсліў Келі. – Мы таксама заклікаем дазволіць зноў адкрыць офіс АБСЕ ў Менску. Гэта будзе важным крокам на шляху вяртання Беларусі да міжнароднай супольнасці».

Іян Келі паведаміў, што адказу на просьбы пра вяртанне офісу АБСЕ ў Беларусь афіцыйны Менск не даваў. Паводле амбасадара ЗША, над гэтым пытаннем з Міністэрствам замежных справаў Беларусі цесна працавала Літва падчас свайго старшынства ў АБСЕ.

belsat.eu

Стужка навінаў