У Расеі – апошні дзень перадвыбарчай агітацыі


Фаварытам перадвыбарчай гонкі лічыцца дзейны прэм’ер-міністр Уладзімір Пуцін, які ўжо цягам двух тэрмінаў займаў пасаду прэзідэнта Расеі. Супрацьстаяць яму камуніст Генадзь Зюганаў, алігарх Міхаіл Прохараў, ліберал-дэмакрат Уладзімір Жырыноўскі і кіраўнік фракцыі «Справедливая Россия» ў парламенце Сяргей Міронаў.

Паводле расейскага фонду «Общественное мнение» найбольшы рэйтынг мае Уладзімір Пуцін і, паводле папярэдніх прагнозаў, можа набраць каля 60 % галасоў. Ягоны бліжэйшы супернік – Генадзь Зюганаў, які, паводле сацыёлагаў, можа разлічваць на 16 %. «Апошняе апытанне зафіксавала заўважны рост долі рэспандэнтаў, якім падабаецца перадвыбарчая агітацыя на карысць Пуціна, а таксама пазітыўную рэакцыю на выступ прадстаўнікоў прэм’ера ў тэледэбатах», – зазначаюць у фондзе.

Галасаванне адбудзецца 4 сакавіка. Прадстаўнікі расейскай дэмакратычнай апазіцыі ўпэўненыя, што Крэмль напоўніцу скарыстае з адміністрацыйных рычагоў, каб сфальсіфікаваць вынікі выбараў. Упершыню прэзідэнцкі тэрмін будзе сягаць шасці гадоў – гэта сталася магчымым дзякуючы зменам у Канстытуцыі, якія лабіявалі Пуцін і Мядзведзеў.

belsat.eu

Стужка навінаў