Лідары Еўразвязу абмяркуюць сёння ў Бруселі сітуацыю ў Беларусі


Лідары 27 краінаў Еўразвязу, якія праводзяць двухдзённую сустрэчу ў Бруселі, абмяркуюць сітуацыю ў Беларусі на другім пленарным паседжанні ў пятніцу, паведаміў прэзідэнт ЕЗ Гэрман Ван Ромпёй.

Дыпламатычныя крыніцы ў Бруселі мяркуюць, што пасля пачатку дыпламатычнага скандалу Беларусь «несумненна вяртаецца ў топ парадку дня ЕЗ».

27 лютага Рада міністраў замежных справаў краінаў ЕЗ прыняла рашэнне пашырыць спіс не ўязных у Еўразвяз беларускіх чыноўнікаў, уключыўшы ў яго яшчэ 21 прозвішча.

Пашырэнне спісу неўязных сталася прычынаю дыпламатычнага скандалу паміж Менскам і Бруселем. 28 лютага ўлады Беларусі рэкамендавалі пакінуць краіну амбасадару Польшчы і кіраўніцы Прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі. У адказ на гэта ўсе краіны Еўразвязу адклікалі сваіх амбасадараў з Менску.

Тым часам Еўразвяз можа ўвесці санкцыі ў дачыненні шэрагу беларускіх бізнесоўцаў, паведамляе бельгійскае выданне «EUobserver» са спасылкаю на дыпламатычную крыніцу ў Бруселі. У спіс асобаў, супраць якіх прымяняюцца візавыя і эканамічныя санкцыі ЕЗ, могуць трапіць уладальнік групы кампаніяў «Трайпл» Юрый Чыж, кіраўнік СП ТАА «Санта-Імпэкс Берасце» Аляксандр Машэнскі, старшыня рады дырэктараў ААТ «Амкадор» Аляксандр Шакуцін і кіраўнік ТАА «Тытунь-Інвест», уладальнік сеткі гіпермаркетаў «Карона» Павел Тапузідыс, піша «EUobserver».

belsat.eu

Стужка навінаў