Атрошчанкаў: ад Лукашэнкі не патрабуюць нічога невыканальнага


Абвастрэнне адносінаў уладаў Беларусі з Еўразвязам, якое вылілася ў кансалідаванае адкліканне краінамі ЕЗ амбасадараў з Менску, і яго магчымыя наступствы каментуе каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былы палітзняволены Аляксандр Атрошчанкаў.

«Асаблівасць сітуацыі ў тым, – гаворыць ён, – што, магчыма, упершыню рэжым сутыкнуўся з сапраўды кансалідаванаю пазіцыяй Еўразвязу. Цяпер беларускім уладам будзе больш складана гуляць на супярэчнасцях паміж асобнымі краінамі ЕЗ, маніпуляваць іх эканамічнымі інтарэсамі. […] Такія прынцыповыя падыходы, заснаваныя на жорсткай пазіцыі, могуць даць вынік, паказаць Лукашэнку, што нельга ў XXI стагоддзі ствараць канцлагеры і гандляваць палітзняволенымі».

На пытанне, чаму разам з кіраўніком прадстаўніцтва ЕЗ прапанавалі «з’ехаць на кансультацыю» амбасадару Польшчы, Атрошчанкаў адказаў: «Мне не зусім зразумелая антыпольская рыторыка беларускіх уладаў. Урэшце, у 2008–2009 гадах, калі было пэўнае пацяпленне ў адносінах паміж Менскам і Брусэлем, менавіта Польшча згуляла адну з галоўных роляў у тым, што Лукашэнка зрабіўся «рукапаціснутым» на Захадзе, атрымаў доступ да заходніх крэдытаў. Тыя грошы былі ратункам для яго – не толькі эканамічным, але і палітычным. Ён па сутнасці атрымаў ад Еўразвязу сродкі на сваю перадвыбарную кампанію. І ўсё гэта ў тым ліку дзякуючы пазіцыі Польшчы. А калі Польшча крыху змяніла сваю пазіцыю, Лукашэнка ўспрыняў гэта як напад на сябе».

«Дзякуючы палітыцы Лукашэнкі і ягонага атачэння, – кажа грамадскі актывіст, – Беларусь зрабілася па сутнасці ўтрыманкаю, якая не можа пракарміць сябе, абапіраючыся толькі на ўнутраныя рэсурсы, без істотнага вонкавага фінансавага падтрымання. Гэта адбылося не па віне беларускага народу, які заўсёды быў таленавітым і працавітым, а таму, што сфармаваная такая сістэма.

Падтрымання толькі Масквы Лукашэнку не хопіць. Летась прыбытак ад гандлю з Еўропаю склаў больш за 15 мільярдаў долараў – і Лукашэнка называе такую сітуацыю эканамічнымі санкцыямі! Усе, хто адмаўляецца карміць Лукашэнку, ягоную жахлівую рэпрэсіўную і бюракратычную машыну, аўтаматычна лічацца ворагамі».

Якім бачыць Аляксандр Атрошчанкаў развіццё крызіснай сітуацыі? «Будзем спадзявацца, што Еўразвяз не спалохаецца сваёй смеласці, – адзначыў ён, – што працягне пачатае і будзе больш настойліва патрабаваць выканання беларускіх законаў. Ад Лукашэнкі не патрабуюць нічога фантастычнага і невыканальнага – трэба выпусціць палітзняволеных і правесці свабодныя выбары».

belsat.eu

Стужка навінаў