Бензін можа падаражэць на 5 %


«Белнафтахім» папрасіў Савет Міністраў павялічыць цэны на бензін у сярэднім на 5 % ужо ў гэтым месяцы. Такую інфармацыю перадае агенцтва «Прайм-ТАСС» са спасылкаю на сваю ананімную крыніцу. «Цана нафты прывязаная да мясцовых рынкаў і расце, што негатыўна адбіваецца на фінансавым становішчы беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў», – паведаміла крыніца.

Калі рост коштаў складзе роўна 5 %, то літр бензіну А-92 будзе каштаваць 5990 руб., а літр дызельнага паліва – 6610 руб.

У «Белнафтахіме» не пацвярджаюць, але і не абвяргаюць чутак. «Нам такой інфармацыі не паступала, – кажа прэс-сакратарка кампаніі Марына Касцючэнка. – Калі рашэнне будзе прынятае, мы папярэдзім грамадскасць». Леташнія падаражанні бензіну выклікалі абурэнне ў кіроўцаў. Пасля таго як у чэрвені 2011 г. у рамках акцыі «Стоп бензін» раз’юшаныя аўтамабілісты перакрылі праспект Незалежнасці ў Менску, Аляксандр Лукашэнка загадаў тэрмінова зменшыць кошты. Аднак ужо ўвосень колькасць удзельнікаў акцыяў значна паменела.

Ці будуць арганізоўвацца акцыі пратэсту ў выпадку падаражання? «Наўрад ці збяруцца хаця б некалькі дзясяткаў актыўных удзельнікаў, – прызнаецца актывіст руху «Стоп бензін» Дзмітрый Несцяровіч. – Па-першае, рост коштаў будзе нязначны, гэта не 20 % і не 30 %, як летась. Па-другое, у Беларусі цяпер насамрэч самы танны бензін у Еўропе. Фактычна розніцу даплачвае дзяржава. З іншага боку, выклікае здзіўленне, што падаражанне плануецца на фоне зніжэння курсу даляра».

belsat.eu

Стужка навінаў