Павал Шарамет: ніякай «рукі Масквы» няма




Вядомы журналіст пракаментаваў сітуацыю з амбасадарамі краінаў Еўразвязу, якія пакінулі Менск на знак салідарнасці з амбасадарам Польшчы Лешэкам Шэрэпкам і прадстаўніцаю Еўразвязу Майраю Муорай.

Паводле Паўла Шарамета, неадэкватная палітыка Лукашэнкі не справакаваная Крамлём і не робіцца на «замову».

«Шукаць у дыпламатычнай вайне крамлёўскія карані – гэта самы лёгкі выхад і самае лёгкае тлумачэнне. Лукашэнка абсалютна самадастатковы. Ён не слухае нічыіх парадаў і, на жаль, не слухае парадаў Крамля. Я настолькі стаміўся ад усіх гэтых тэорыяў змовы, што кожны рух Лукашэнкі запраграмаваны Крамлём, што Лукашэнка – гэта амаль дзіця Крамля. Іншая рэч, што Лукашэнка – гэта, на жаль, прадукт Беларусі», – падкрэслівае журналіст.

Разам з гэтым Шарамет пагаджаецца з тым, што Расея намагаецца выкарыстаць сітуацыю ў Беларусі. Нягледзячы на гэта, атрымліваецца наадварот – гэта Лукашэнка балансуе паміж Еўропай і Расеяй. У выніку паўстае пытанне – хто больш вінаваты ў гэтай сітуацыі: Расея, якая падтрымлівае Лукашэнку, баронячы свае інтарэсы, або Еўропа, якая не мае цвёрдай пазіцыі ў дачыненні кіраўніка Беларусі?

«Аднак я не шукаў бы прычынаў па-за Беларуссю. Беларускі народ пакутуе, бо ў яго няма рэсурсаў і сілаў годна адказаць дыктатару», – упэўнены Павал Шарамет.

belsat.eu

Стужка навінаў