Адмыслоўцы пра беларускую міліцыю


У беларускіх праваахоўных органах ёсць сумленныя працаўнікі, але ім даводзіцца цяжка ў такой сістэме. Такую думку выказаў праваабаронца Алег Волчак напярэдадні Дня беларускай міліцыі падчас круглага стала, прысвечанага працы беларускіх праваахоўнікаў.

«Я баюся міліцыі. Нягледзячы на баявы афганскі шлях. Калі цябе ў гэтае стойла заводзяць, ты робішся не грамадзянінам, а скацінаю. Кажаш: «Дайце мне адваката». У адказ: «Ды пайшоў ты!» Просіш пазваніць старой маці, у адказ – тое ж. Пастаянная нецэнзурная лаянка. Я быў гатовы да гэтага, але я ўяўляю, як туды трапляюць людзі, якія не гатовыя. Іх там проста «размазваюць», – заявіў Алег Волчак.

На думку праваабаронцы, у Беларусі неабходна правесці рэформу праваахоўных органаў. «Правесці рэформу ў такой малой краіне, як Беларусь, лёгка. У нас ідэальныя ўмовы, дысцыплінаваны народ», – зазначыў праваабаронца.

У сваю чаргу юрыст Беларускага Хельсінкскага камітэту Гары Паганяйла падкрэсліў, што прэстыж прафесіі міліцыянера падае. «Калі ідзе велізарнае адцягванне сілаў і сродкаў на палітычны вышук, на падаўленне іншадумства, на барацьбу з мірнымі вулічнымі акцыямі, на якія нашыя грамадзяне маюць права, то такая міліцыя выклікае толькі асцярогу і азлабленне ў грамадзянаў. Яна проста не функцыянуе ў тых задачах, якія ёй прадпісаныя. У грамадстве вельмі сур’ёзная незадаволенасць з працы міліцыі», – падкрэсліў Гары Паганяйла.

Былы падпалкоўнік КДБ Валерый Костка лічыць праваахоўныя органы неабходнымі грамадству пры любым палітычным ладзе: «Выстаўляць прэтэнзіі ўсёй міліцыі няправільна. Трэба выстаўляць прэтэнзіі тым, хто выконвае сваю функцыю не ў імя народа, а ў імя канкрэтнага чалавека і абараняе ягонае права, уступаючы ў супярэчнасць з інтарэсамі грамадства. Да каго больш прэтэнзіяў? Крымінальны вышук, следчыя, аператыўнікі, эксперты – яны працуюць. Але ёсць функцыя, якая ў нас гіпертрафіравана ўзрасла, – гэта функцыя АМАПу, спецназу. Навошта іх столькі?»

Паводле Валерыя Косткі, не ўсе начальнікі, якія аддаюць заведама злачынныя загады, гатовыя ўзяць адказнасць за іх на сябе. «Яны імкнуцца гэта рабіць тайна, хаваючыся за спінамі падначаленых. Адным са спосабаў упэўніцца, што начальнік бярэ на сябе адказнасць і аддае законны загад, ёсць просьба аддаць загад у пісьмовым выглядзе – гэта ўжо рэчавы доказ. Пры любым раскладзе, каб і захаваць афіцэрскую годнасць, і быць чыстым перад законам і сумленнем, учыняць злачынства ў любым выпадку нельга. Лепш звольніцца», – зазначыў Костка, дадаўшы, што ў Беларусі трэба працаваць над павышэннем прававой свядомасці і павагі да закону, бо людзі, якія паважаюць закон, не будуць цярпець беззаконня.

«Калі служка закону не мае грамадзянскай і прафесійнай мужнасці выконваць закон, лепш сысці з такой службы. У іншым выпадку чалавек робіцца не служкам закону, а служкам злачыннай улады», – падкрэсліў падчас круглага стала Гары Паганяйла.

belsat.eu

Стужка навінаў