Аляксандр Класкоўскі: «Ледавіковы перыяд» зацягнецца


“Рана ці позна любая вайна заканчваецца мірам, і тут пытанне ў тым, каб найменш было руінаў – ужо і так іх нарабілі шмат. У любым выпадку, немагчыма будзе абысці пытання вызвалення палітвязняў – яно вельмі балючае і непрыемнае для беларускага боку. Але тут выпадак, калі гэта – “чырвоная рыса” для Еўразвязу, далей ён не адступіць”, – заявіў палітолаг Аляксандр Класкоўскі, каментуючы дыпламатычны канфлікт паміж Менскам і Бруселем.

Кіраўнік прадстаўніцтва Еўразвязу Майра Муора пакінула Беларусь. Раней Менск пакінуў амбасадар Польшчы Лешэк Шэрэпка. Менавіта гэтым двум дыпламатам улады Беларусі 28 лютага рэкамендавалі “выехаць у свае сталіцы дзеля кансультацыяў, каб давесці свайму кіраўніцтву цвёрдую пазіцыю беларускага боку аб непрымальнасці націску і санкцыяў”. Краіны Еўразвязу адрэагавалі на дзеянні ўладаў Беларусі адкліканнем сваіх паслоў з Менску. Такое рашэнне прынялі на надзвычайнай нарадзе камітэту ў палітычных пытаннях і пытаннях бяспекі ў Бруселі.

“Гэта захады надзвычайныя, калі амбасадары мусяць пакідаць краіну знаходжання, гэта ўжо дыпламатычная вайна. Наколькі далёка яна зойдзе – гэта вялікае пытанне, пакуль што ідзе “змаганне нерваў”, – гаворыць Аляксандр Класкоўскі. – Беларускі бок спадзяецца, што Еўропа не здольная пайсці на шырокія эканамічныя санкцыі і трымае ў галаве такі варыянт, як падтрыманне Масквы: і матэрыяльнае, і маральнае”. Аднак такую пазіцыю палітолаг лічыць недальнабачнаю, бо без “заходняга вектару” афіцыйны Менск трапляе ў яшчэ большую залежнасць ад Крамля.

“Такія вузлы хутка не развязваюцца. Гаворка можа ісці пра месяцы, а можа, і пра больш працяглы перыяд”, – мяркуе эксперт. Класкоўскі згадвае пра супрацьстаянне, выкліканае высяленнем амбасадараў з рэзідэнцыяў у Драздах, калі амбасадары на паўгода пакінулі краіну. “Але цяпер Еўропа “закусіла цуглі” не на жарт, і гэты “ледавіковы перыяд” у двухбаковых дачыненнях зацягнецца”, – дадаў палітолаг.

belsat.eu

Стужка навінаў