Палітвязням не дазваляюць пісаць «палітычных» лістоў


https://youtu.be/nkQbqZCjueo
Паводле Вольгі Бандарэнкі – жонкі Змітра Бандарэнкі, каардынатара грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”, даверанай асобы кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава на выбарах-2010, – апошнім часам узмацнілася інфармацыйная ізаляцыя ейнага мужа. Калі раней ад яго прыходзілі лісты палітычнага, нават філасофскага зместу, якія публікаваліся на сайтах, у прэсе, то цяпер яны галоўным чынам на побытавыя тэмы. Пра гэта яна паведаміла падчас круглага стала “Наш боль – палітзняволеныя”, што зладзіла каардынацыйная група “За волю!”

“Наколькі мне вядома, – сказала Вольга, – тое ж адбываецца і з Андрэем Саннікавым. Ягонаму адвакату не дазваляюць ні пра што гаварыць, мне – пра званкі з калоніі. Гэта робіцца, па-першае, дзеля таго, каб адтуль не выходзіла інфармацыя, а па-другое, як я разумею, каб не было інфармацыйнай падставы для медыяў”.

Вольга паведаміла, што якраз сёння атрымала ліст ад Змітра, які піша, што баліць спіна, абвастрылася падагра. “Перад гэтым ён пісаў, што ў калоніі праходзіў вялікі агляд, – распавяла жонка палітзняволенага, – стаялі на вуліцы, было вельмі цяжка. Адчуўшы, што дрэнна, Дзіма пайшоў у санчастку, дзе памералі тэмпературу, далі антыбіётыкаў. Ён папрасіў: “Можна паляжаць – дрэнна мне?” Яму адказалі: “Ідзіце, Бандарэнка, не гандлюйцеся”.

Пазней Зміцер званіў і паведаміў, што нейкі час ляжаў у санчастцы. “Мабыць, ужо паміраў, калі ўсё ж паклалі, – мяркуе Вольга. – Хачу сказаць, што такое стаўленне не толькі да яго. Мы хоць паднялі шум і дамагліся, што яму зрабілі аперацыю. А колькі зняволеных не дачакаліся меддапамогі”.

Марына Лобава, маці палітзняволенага Эдуарда Лобава, прыгаворанага да 4 гадоў пазбаўлення волі, пацвердзіла, што ў дачыненні асуджаных уводзіцца ўсё больш абмежаванняў. Яна адчувае гэта з лістоў сына.

“Калі раней у іх былі разважанні на розныя тэмы, – распавядае Марына Лобава, – то цяпер лісты сталі вельмі канкрэтныя, больш побытавыя: у мяне ўсё нармальна, трэба тое і тое. Я размаўляла з Паўлам Севярынцам, і ён сказаў, што ад Эдуарда няма лістоў. Гэта вельмі дзіўна. Думаю, яго абмяжоўваюць у ліставанні з “пабочнымі людзьмі”, пры сустрэчы ўдакладню”.

Вольга Бандарэнка лічыць, што родным трэба працягваць пісаць лісты начальнікам калоніяў – “каб яны не спалі”. А на думку Марыны Лобавай, лепш, калі са зваротамі выступае грамадскасць, тады адміністрацыя менш адыгрываецца на асуджаных.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары