З’явіўся “чорны спіс” генетычна-мадыфікаваных харчоў


У Беларусі з’явіўся рэестр нядобрасумленных вытворцаў і пастаўнікоў, у прадукцыі якіх ўтрымліваюцца ГМА. Інфармацыйны рэсурс належыць Міністэрству гандлю. Звесткі сабраў Дзяржаўны камітэт стандартызацыі, Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства сельскай гаспадаркі.

У рэестры можна знайсці інфармацыю пра імя вытворцы ці пастаўніка, яго месца знаходжання, кароткае апісанне парушэнняў, найменні відаў прадукцыі.

Паводле закону, вытворцы абавязаныя ўказваць на ўпакоўцы наяўнасць ГМА, калі яны прысутнічаюць у прадукцыі. Біёлаг, навуковы супрацоўнік, каардынатарка праграмаў для арганічнай сельскай гаспадаркі ГА “Экадом” Лана Семенас кажа, што ёй ніколі не даводзілася бачыць на харчах значак пра ўтрыманне мадыфікаваных дадаткаў. „Афіцыйна ў нашай краіне сельскагаспадарчую прадукцыю з ГМА не вырошчваюць і не выкарыстоўваюць яе пры вытворчасці прадуктаў. Але насамрэч беларусы часта нават не ведаюць, што спажываюць ГМА. Напрыклад, фермеры могуць набыць насенне з ГМА за мяжою, бо мадыфікаваныя віды раслінаў даюць большы ўраджай, а харчовыя прадпрыемствы закупаюць тую ж сою ці кукурузу, якая на Захадзе амаль уся з ГМА. У санітарна-эпідэміялагічных службаў не хапае лабараторыяў, каб праверыць усю прадукцыю, да таго ж гэта дарагія даследаванні”.

Большасць ежы з ГМА без маркеру трапляе на прылаўкі беларускіх крамаў з іншых краінаў. Адметна, што ў некаторых дзяржавах закон не забараняе ўжываць дадаткі. Напрыклад, у Расеі папераджальны значак не ставяць на харчы, дзе ГМА менш за 0,1 %.

“Уплыў ГМА на арганізм чалавека канчаткова не высветлены, – адзначыла Лана Семенас. – Але даследаванні, праведзеныя на жывёлах, паказваюць, што негатыўныя наступствы становяцца заўважныя праз некалькі пакаленняў, у першую чаргу яны закранаюць рэпрадукцыйную функцыю. Лепш паклапаціцца пра сваё здароўе цяпер, а не калі навукоўцы канстатуюць адхіленні”.

Як паведаміла старшыня Беларускай арганізацыі абароны правоў спажыўцоў Ганна Суша, у Беларусі яшчэ не было ніводнай гучнай справы, звязанай з ГМА. “Апошнім часам беларусы больш увагі звяртаюць на экалагічнасць харчоў. Спадзяюся, рэестр дапаможа ім скарыстацца сваім правам набываць прадукцыю сумленных вытворцаў. Пакупнік мусіць ведаць, ці ўтрымлівае прадукт, які ён набывае, ГМА” – адзначыла эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў