Дзяржаўная фірма распрацавала сістэму інтэрнэт-сачэння


Яна прапаноўвае набыць адмысловыя прылады, якія дапамогуць даведацца, дзе вашае дзіця, муж ці жонка.

У Беларусі зарэгістраваная спадарожнікавая навігацыйна-інфармацыйныя сістэма “ЎэбНІС” (“ВебНИС”). Яе стварылі ў дзяржаўнай кампаніі “СКБ Камертон”.

Сачыць за жонкаю, мужам або дзіцём прапаноўваюць на афіцыйным сайце распрацоўніка. “Такое абсталяванне цяпер усталёўваюць у аўтамабілі хуткай дапамогі. Выкарыстоўваецца тая ж сістэма, што і ў грамадскім транспарце Менску, – тлумачаць у “Камертоне”. – У аўтамабілі ці ў чалавека ў торбе ляжыць адмысловая прылада – трэкер, які перадае на сэрвер інфармацыю пра месца знаходжання. Звесткі адпраўляюцца праз інтэрнэт, уладальнік трэкера можа іх атрымаць”.

Наколькі такое “сачэнне” адпавядае заканадаўству аб ахове прыватнага жыцця? “Яно легальнае, але той, за кім сочаць, мусіць пра гэта ведаць загадзя, – кажа юрыст Святлана Шлома. – Падобную паслугу некалькі гадоў таму ўвёў адзін з мабільных аператараў. Спачатку гэта выклікала неадназначную рэакцыю ў грамадстве, але калі высветлілася, што падключэнне магчымае толькі са згоды абанента, усе пытанні зніклі”.

belsat.eu

Стужка навінаў