Выезд амбасадараў: міжнародная рэакцыя


Вонкавая палітыка афіцыйнага Менску прывяла да яшчэ большай ізаляцыі Беларусі. Амбасадары краінаў Еўразвязу пакідаюць краіну, замежныя дыпламаты гавораць пра немагчымасць вядзення дыялогу з рэжымам Лукашэнкі.

«Лукашэнка робіцца ўсё больш адчайным, і гэта вельмі відавочна. Калі ён патрабуе выезду амбасадараў Польшчы ды Еўразвязу, мы не можам пакінуць гэта без рэакцыі. Дыктатар спальвае апошнія масты, і гэта не скончыцца для яго дабром», – заявіў міністр замежных справаў Швецыі Карл Більт.

«Гэта апошняя дыктатура ў Еўропе, і мы не можам дазволіць запалохваць еўрапейскія інстытуты або аднаго з чальцоў Еўразвязу такімі дзеяннямі. Еўразвяз і Польшча могуць разлічваць на салідарнасць Нямеччыны, – заявіў міністр замежных справаў Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле. – Нас не ўдасца падзяліць, як мяркуе дыктатар. Мы будзем рэагаваць разам. Еўразвяз адкліча сваіх амбасадараў з Менску, Нямеччына гэта ўжо зрабіла».

«Я лічу, што гэта неразумны крок, бо амбасадары – гэта ключавыя фігуры для захавання дыялогу. Калі вы выкідаеце амбасадараў з краіны, значыць, вы адмаўляецеся ад дыялогу», – падкрэсліў міністр замежных справаў Літвы Аўдронюс Ажубаліс.

«Міністэрства замежных справаў заяўляе, што гэта непрыязны крок у дачыненні ўсяго Еўразвязу. Гэты крок сустрэнецца з адказам усяго Звязу. Улады ведаюць, якія ўмовы вяртання да палітычнага дыялогу з Еўразвязам – гэта спыненне рэпрэсіяў, а таксама станаўленне Беларусі на дарогу дэмакратызацыі», – падкрэсліў прэс-сакратар МЗС Польшчы Марцін Басацкі.

belsat.eu

Стужка навінаў