"Шанц на новае жыццё" намінавалі да прэстыжнай узнагароды


Дакументальны фільм “Шанц на новае жыццё” Юрыя Каліны зняты для тэлеканалу “Белсат” намінавалі да адной з найбольш прэстыжных журналісцкіх узнагародаў у Польшчы – Grand Press у катэгорыі “тэлевізійны рэпартаж”. “Шанц” пазмагаеццца за ўзнагароду ў гэтай катэгорыі разам з шасьцю іншымі творамі выбранымі сярод саракашасці дасланых на конкурс. Уручэнне ўзнагародаў адбудзецца ў варшаўскім гатэлі Hilton 15 снежня 2010 г.

Фільм распавядае пра царкву «Новае жыццё», пра змаганне яе вернікаў за права на існаванне. Героі фільму – вернікі царквы «Новае жыццё», пераважна інтэлігенцыя і моладзь, але таксама і людзі, якія прайшлі праз цяжкасці ў жыцці. Раней яны былі алкаголікамі, наркаманамі, бяздомнымі, але цяпер, дзякуючы хрысціянскай супольнасці, яны наноў знайшлі сябе і вярнуліся ў рэальнасць. Дзякуючы веры яны атрымалі шанец на новае жыццё.

Аўтар фільму – Юрый Каліна, вядомы беларускі тэлежурналіст і рэжысёр шматлікіх дакументальных фільмаў і рэпартажаў, якія рэпрэзентаваліся на міжнародных кінафестывалях. Сярод узнагароджаных стужак – «Ад голаду і мору», «Чарнобыльцы», «Партызанская школа», «Апошні дыктатар Еўропы», «Пагоня за праўдаю». Юрый Каліна паходзіць з Падляшша і працуе ў беластоцкім аддзеле Польскага тэлебачання, а таксама ўзначальвае беластоцкую рэдакцыю «Белсату». Апошні ягоны фільм, «Царква на мяжы», распавядае пра стараабрадніцкую царкву на беларуска-польскім памежжы і пра яе вернікаў, якіх падзяліла мяжа.

Раней дакументальную стужку Юрыя Каліны ўзнагародзілі на Фестывалі фільмаў пра сям’ю, што прайшоў 21–23 кастрычніка ў Лодзі (Польшча).

 

Стужка навінаў