Нарадзі двойню – атрымаеш 12 долараў на месяц


За нараджэнне двойні ўлады Менску будуць даплочваць па 100 000 рублёў штомесяц. Такім чынам Менгарвыканкам плануе падтрымаць маладыя сем’і.

Старшыня камітэту працы, занятасці і сацыяльнай абароны Менгарвыканкаму Жанна Рамановіч адзначыла, што пакуль штомесячная даплата памерам адной базавай – 35 000 рублёў – выплочваецца толькі сем’ям, дзе нарадзілі тройню. Але бліжэйшым часам дадатковае падтрыманне сям’і распаўсюдзяць і на двайнят. Профільны камітэт плануе выступіць з прапановай аб замацаванні зменаў у “Праграме развіцця сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на 2011–2015 гг.”.

“Грошы ў сям’і лішнія не будуць, але за такую мізэрную суму сёння дзіцяці немагчыма набыць нават пампэрсаў, – падзялілася меркаваннем мянчанка Вераніка Габец. – Паўгода таму я нарадзіла сына, і калі б не заробак мужа, то мы не здолелі б гадаваць дзіця: на адну дапамогу дагляду за дзіцём жыць немагчыма. Нягледзячы на тое, што мы хочам нарадзіць двух дзяцей, пакуль планы пашырэння сям’і давядзецца адкласці”.

Нагадаем, што з першага лютага памеры дзіцячай дапамогі павялічылі. Штомесяц мамы, якія даглядаюць дзіця ва ўзросце да 3 гадоў, маюць атрымліваць 707 000. Аднаразовыя выплаты за нараджэння першага дзіця складаюць 7 069 000, другога і наступных дзяцей – 9 896 000. У выпадку, калі жанчына нарадзіла двойню, то аднаразова ёй выплочваюць кампенсацыю памерам 1 414 000 на кожнага.

У 2011 годзе ў Менску нарадзіліся 11 тройняў і 195 двойняў. Зараз базавай велічыня складае 35 000 рублёў, але з першага красавіка стане 100 000.

belsat.eu

Стужка навінаў