Карняенка – Вусу: мяняць выбарчае заканадаўства трэба па-іншаму


Сустаршыня кампаніі “За справядлівыя выбары” Віктар Карняенка лічыць, што дэмакратычным выбарам перашкаджае адсутнасць палітычнай культуры.

Віктар Карняенка не верыць, што ініцыятыва экс-кандыдата на прэзідэнцтва Дзмітрыя Уса дзеля змянення выбарчага заканадаўства можа быць эфектыўная. Такое меркаванне Карняенка выказаў у інтэрв’ю 28 лютага.

Карняенка лічыць, што ў межах дзейнага заканадаўства можна арганізаваць “не толькі эфектыўны кантроль, але і проста правесці абсалютна дэмакратычныя выбары”. “Зразумела, што заканадаўства не дае гарантыяў на тое, што дэмакратычныя выбары адбудуцца. Яно напісанае такім чынам, што няпэўныя фармулёўкі даюць падставы для схільных да фальсіфікацыяў людзей выкарыстоўваюць гэтыя няпэўнасці для правядзення выбараў паводле тых схемаў, якія апошнім часам дзеюць у Беларусі. Фальсіфікацыі, хутчэй, звязаныя не з законам, а з палітычнаю культураю ды з палітычнымі ўстаноўкамі дзейнай улады”, – заявіў Карняенка.

Паводле палітыка, ён сустракаўся з Дзмітрыем Вусам. “Карысць ад дзейнасці Вуса ёсць, ён выкрывае ўлады, якія не хочуць выконваць тое заканадаўства, якое самі прымалі. Але спадзявацца, што гэтая ініцыятыва можа змяніць сітуацыю, не выпадае. Самі змены ў заканадаўства яшчэ нічога не гарантуюць. Механізм правядзення рэферэндуму дзеля змяненняў у выбарчае заканадаўства таксама распісаны такімі фармулёўкамі, што правесці яго фактычна немагчыма”, – адзначыў сустаршыня кампаніі “За справядлівыя выбары”.

Як распавёў Карняенка, кампанія “За справядлівыя выбары” апелюе не да ўладаш, бо гэта бессэнсоўна, а да беларускіх выбарнікаў, якія лічаць выбары ў Беларусі дэмакратычнымі. “Паводле звестак незалежных даследаванняў, палова беларусаў лічаць выбары дэмакратычнымі. Звышмэта нашай кампаніі – перадухіліць фальсіфікацыі, злавіўшы за руку канкрэтных асобаў. І гэтыя звесткі давесці ў першую чаргу да беларускіх выбарнікаў”, – сказаў Карняенка.

Для сустаршыні кампаніі “За справядлівыя выбары” бліжэйшая стратэгія “абгрунтаванага ўльтыматыўнага байкоту”, чым удзел у кампаніі. “Я разумею стратэгію ўдзелу ў кампаніі, калі кандыдаты плануюць пайсці да канца для таго, каб стварыць альтэрнатыву тым кандыдатам, якія будуць ад улады. Але мне больш даспадобы стратэгія абгрунтаванага ўльтыматыўнага байкоту. Трэба выставіць уладзе ўльтыматум з патрабаваннем зменаў у заканадаўства, якія гарантуюць удзел апазіцыі ў фармаванні выбарчых інструментаў, менавіта камісіяў, правы назіральнікам і магчымасць свабоднай агітацыі. Сярод палітычных патрабаванняў першае – вызваленне палітвязняў. Калі гэтыя ўмовы будуць выкананыя, апазіцыя прызнае вынікі выбараў, незалежна ад таго, колькі яна атрымае мандатаў і ці атрымае ўвогуле”, – падкрэсліў Карняенка.

belsat.eu

Стужка навінаў