Амбасадарам ЕЗ і Польшчы прапанавалі з'ехаць з Беларусі


Прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных параіў амбасадарам Еўразвязу і Польшчы выехаць у свае сталіцы для кансультацыяў і паведаміў, што Беларусь забароніць уезд аўтарам санкцыяў.

Амбасадараў ЕЗ у Беларусі Майру Муору (Majra Mora) і Польшчы Лешэка Шэрэпку (Leszek Szerepka) выклікалі ў МЗС Беларусі, паведаміла агенцтву “Интерфакс-Запад” крыніца ў дыпламатычных колах.

“Сустрэча праходзіць цяпер. Зразумела, што яна абумоўленая чарговымі санкцыямі ды заявамі кіраўніка МЗС Польшчы. Не выключана, што заходнім дыпламатам прапануюць выехаць у свае сталіцы для кансультацыяў”, – заявіла крыніца.

На сайце МЗС Беларусі з’явілася заява прэс-сакратара Андрэя Савіных, у якой ён рэзка выказваецца адносна санкцыяў і паведамляе наступнае: “Кіраўніку прадстаўніцтва ЕЗ у Рэспубліцы Беларусь і амбасадару Польшчы ў Беларусі таксама прапанавана выехаць у свае сталіцы для кансультацыяў, каб давесці свайму кіраўніцтву цвёрдую пазіцыю беларускага боку аб непрымальнасці ціску і санкцыяў”.

У аўторак Рада ЕЗ прыняла пастанову аб узмацненні абмежавальных захадаў Еўразвязу ў дачыненні прадстаўнікоў уладаў Беларусі. У камюніке прэс-службы Рады ЕЗ, распаўсюджаным у Бруселі, адзначаецца, што рашэнне прынялі ў сувязі з пагаршэннем прававой сітуацыі ў Беларусі.

Рада ЕЗ дадала да спісу асобаў, якім забараняецца ўезд на тэрыторыю Еўразвязу і чые банкаўскія рахункі ў Еўропе замарожваюцца, яшчэ 21 прадстаўніка уладаў, якіх лічаць адказнымі за дзеянні супраць грамадзянскай супольнасці ды дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі.

Акрамя таго нагадваецца, што застаюцца замарожаныя рахункі трох кампаніяў, звязаных з урадам Беларусі, а таксама захоўваецца забарона на экспарт у Беларусь зброі ды сродкаў, якія могуць выкарыстоўвацца для рэпрэсіяў унутры краіны.

Пастанову і дадатковы спіс апублікуе “Афіцыйны часопіс Еўрапейскага Звязу” (“Official Journal of the European Union”) 29 лютага, гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Рады ЕЗ.

Вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу ў пытаннях вонкавай палітыкі Кэтрын Эштан абвесціла на прэс-канферэнцыі 27 лютага, што ў сакавіку “чорны спіс” ЕЗ можа быць пашыраны на сектар бізнесу: у яго ўвойдуць прадпрымальнікі ды прадпрыемствы, звязаныя з уладамі. Паводле яе, у дадатковы спіс, зацверджаны Радаю ЕЗ у аўторак, увайшлі працаўнікі судоў і прадстаўнікі праваахоўных органаў.

belsat.eu

Стужка навінаў