“Падарунак” прадпрымальнікам: 261 еўра за арэнду месца пад... манекен


28 лютага прадстаўнікі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Перспектыва” і прадпрымальнікі, якія працуюць у менскім гандлёвым цэнтры “Экспабел” (“Верхні пасаж”), паспрабавалі ўвайсці ў будынак адміністрацыі цэнтру, каб зарэгістраваць свой зварот аб незаконнасці дадатковага пагаднення арэнды.

У будынак прадпрымальнікаў не пусціла ахова. На патрабаванне даць пісьмовую адмову ў рэгістрацыі звароту прадпрымальнікам параілі скарыстацца скрыняй для лістоў і прапановаў. “У мяне ёсць загад усіх туды не прапускаць. І па адным таксама. Калі вы жадаеце індывідуальна, ёсць усталяваны парадак, скрыня для лістоў. Усё зарэгіструюць”, – сказаў ахоўнік.

РГА “Перспектыва” звярнулася ў Камітэт дзяржкантролю ў сувязі з незаконным павышэннем кошту арэнды для прадпрымальнікаў у 3,36 разу ў гандлёвым цэнтры “Экспабел” (“Верхні пасаж”). Як паведаміў старшыня аб’яднання Анатоль Шумчанка, адміністрацыя цэнтру прымушае прадпрымальнікаў падпісваць дадатковае пагадненне да дзейных дамоваў арэнды і ў прымусовым парадку браць у арэнду адзін квадратны метр агульнай плошчы памяшкання – частку холу, якую мяркуецца выкарыстоўваць для манекенаў, што будзе каштаваць арандатарам 261 еўра на месяц. У выпадку непадпісання дадатковага пагаднення арандатарам пагражаюць датэрміновым скасаваннем асноўнай дамовы арэнды.

“Усяму віною крызіс. Раней арэнда на “Экспабеле” складала 400 долараў за дванаццаць з паловаю квадратных метраў. Сёння яна апусцілася да 150 у эквіваленце. Гэта значыць 250 долараў штомесяц адміністрацыя падчас крызісу недаатрымлівала. У іх здалі нервы, яны хочуць любым спосабам нагнаць страчанае”, – заявіў Шумчанка.

Прадпрымальніца Алена Шуманская дадатковага пагаднення не падпісала. “Калі ў мяне спыталі, чаму я не падпісала гэтага пагаднення, я адказала, што не пагаджаюся з ім. Арэнду яны павысіць не могуць, але хочуць вярнуць 2007 год, калі стаўка была 22 еўра. А я не хачу плаціць за хол! 300 еўраў квадратны метр – кавалак калідору, куды мы выносім манекены і заносім назад. Быў час, калі забаранялі выносіць манекены. Потым дазволілі, але ж мы не ведалі, што гэта будзе каштаваць 300 еўраў”, – паведаміла яна.

“Прадпрымальнікаў незаконна прымушаюць падпісваць дадатковае пагадненне, пагражаючы скасаваннем дамовы арэнды, не выдаючы рахунак-фактуру на аплату гандлёвага месца. На 1 квадратны метр калідору ўпершыню ў Беларусі адміністрацыя выставіла цану 261 еўра. З такім жа поспехам можна было б выставіць прадпрымальнікам кавалачак асфальту. Прадпрымальнікі абураны. Мы дамагліся, што ў прадпрымальнікаў будуць стаяць уваходныя нумары ў заяве, і ўсё будзе згодна з законам. Вядома, гэта выглядае смешна, але, на жаль, гэта нашыя беларускія рэаліі”, – зазначыў Шумчанка.

belsat.eu

Стужка навінаў