Алеся Бяляцкага этапавалі ў калонію № 2 Бабруйску


Праваабаронцу Алеся Бяляцкага этапавалі з Менскага следчага ізалятару № 1 у калонію № 2 Бабруйску. Пра гэта паведаміла жонка Бяляцкага Наталля Пінчук.

Уранку 28 лютага яна наведала СІЗА № 1, каб дазнацца пра месцазнаходжанне мужа. “Працаўнікі ізалятару мне паведамілі, што менавіта сёння Алеся этапавалі на месца адбыцця пакарання, у бабруйскую калонію”, – распавяла жонка праваабаронцы.

Ні пра стан здароўя Бяляцкага, ні пра падрабязнасці ягонага этапавання Наталлі Пінчук не паведамілі. “Зрэшты, я не моцна гэтага дамагалася, бо ўжо ведаю, што ў кампетэнцыю працаўнікоў СІЗА гэта не ўваходзіць”, – заўважыла жонка Бяляцкага.

Як паведамлялася раней, у СІЗА на Валадарскага ў Менску Бяляцкі быў дастаўлены ў канцы мінулага тыдня са следчага ізалятару ў Жодзіна, дзе яго трымалі ад леташняга снежня.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі судом Першамайскага раёна Менску быў асуджаны ў лістападзе на 4 з паловаю гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Ён прызнаны вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры. Падставаю для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала інфармацыя аб ягоных замежных банкаўскіх рахунках, перададзеная ў Менск уладамі Літвы і Польшчы. Сродкі на гэтых рахунках накіроўваліся на дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсіяў у Беларусі ды іхным сем’ям.

belsat.eu

Стужка навінаў