«Абарона хаўруснікаў» як частка перадвыбарнага пі-ару?


Расейскія ўлады больш актыўна бароняць інтарэсы афіцыйнага Менску на міжнароднай арэне: намеснік кіраўніка дэлегацыі Расеі ў ПАРЭ Леанід Слуцкі заявіў, што працяг санкцыяў і іх пашырэнне супраць афіцыйнага Менску – “дэструктыўны падыход”. Раней была прынятая супольная заява Дзмітрыя Мядзведзева і Аляксандра Лукашэнкі аб недапушчальнасці санкцыяў.

“Супольная заява кіраўнікоў Беларусі ды Расеі сведчыць пра тое, што Расея ўзмацняе сваё падтрыманне Беларусі ды яе абарону ў міжнародных арганізацыях. Па-другое, падчас прэзідэнцкіх выбараў у Расеі Масква хоча прадэманстраваць уласнаму электарату, што яна абараняе сваіх хаўруснікаў, што роля Расеі на постсавецкай прасторы ўзмацняецца”, – мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч. Ён падкрэсліў, што пакуль у Расеі не завяршылася перадвыбарная кампанія, палітыка ўсебаковага падтрымання афіцыйнага Менску будзе працягвацца.

27 лютага ў Бруселі на пасяджэнні Рады міністраў замежных справаў краінаў Еўразвязу прынятае рашэнне далучыць яшчэ 21 беларускага чыноўніка да спісу асобаў, у дачыненні якіх дзеюць візавыя і фінансавыя санкцыі Еўразвязу.

“Мне падаецца, што цяпер існуе пэўная “гульня нерваў” і пэўныя кулуарныя перамовы паміж Менскам і Бруселем, – мяркуе Валер Карбалевіч. – У Беларусь прыязджалі чыноўнікі з Бруселю. Былі перамовы і абяцанні. У прыватнасці, беларускі бок абяцаў вызваліць некаторых палітвязняў, а потым замест гэтага з’явіўся новы палітвязень”. Эксперт падкрэслівае, што рашэнне Рады міністраў замежных справаў ЕЗ – гэта крок у адказ, і Брусель чакае вызвалення палітвязняў.

belsat.eu

Стужка навінаў