Чыноўнікі абяцаюць стварыць горналыжны курорт на Аўгустоўскім канале


Памер інвестыцыяў – больш за 50 млн еўраў

Ва ўпраўленні спорту і турызму Гарадзенскага аблвыканкаму заявілі пра стварэнне трансмежнага праекту – горналыжнага комплексу ў Сапоцкіне, што зацікавіць як беларусаў, так і палякаў ды літоўцаў. Падобны курорт існуе ў Польшчы – «Шэльмэнт». Ён месціцца непадалёк гораду Аўгустаў і збірае на выходных да 4 тыс. турыстаў.

«Стварэнне комплексу на Сапоцкінскіх гарах у раёне Аўгустоўскага каналу – вельмі перспектыўны праект, – мяркуе старшыня Гарадзенскага абласнога аддзялення ГА «Рэспубліканскі турыстычна-спартыўны саюз» Сяргей Ціхановіч. – Тэрыторыя каналу ўключаная ў свабодную турыстычную зону, гэта значыць, інвестар мае права на ільготны крэдыт і мінімальныя падаткі. Асноўнымі крытэрамі для рэалізацыі інвестпраектаў у Аўгустоўскім канале ёсць аб’ём інвестыцыяў, не меншы за 200 тысяч еўраў, і накіраванасць інвестыцыйнага праекту на развіццё турыстычнай паркавай індустрыі ды інфраструктуры. Маючы на Аўгустоўскім канале свой лыжны комплекс, можна стварыць зімовае турыстычнае кола Беларусь–Польшча–Літва».

Апроч горналыжнага комплексу ў Горадні ды раёне абяцаюць ажыццявіць і іншыя амбіцыйныя турыстычныя праекты: рэканструкцыю гарадзенскага бровару са стварэннем музею піва (2 млн еўраў), будаўніцтва рачнога вакзалу ў Горадні (10 млн еўраў), будаўніцтва санаторнага комплексу «Прывалка» (40 млн еўраў), аквапарк у Гожы (110 млн еўраў), турыстычны комплекс «Этнаграфічная вёска» (4 млн еўраў) і рэканструкцыю палацавага комплексу ў Свяцку (13 млн еўраў). Асноўнае фінансаванне чакаюць ад інвестараў, але пакуль на Аўгустоўскі канал прыйшлі толькі два прыватнікі – са стварэннем рыбацкай вёскі ды аграсядзібы. Буйных інвестараў пакуль няма.

«Праект развіцця Аўгустоўскага каналу спачатку рабілі адмыслоўцы з Менску. І ён быў памылкова разлічаны толькі на мясцовых турыстаў. Прайшло больш за 10 гадоў, і цяпер чыноўнікі спрабуюць змяніць канцэпцыю, спадзяюцца зацікавіць турыстаў хоць бы з бліжэйшых краінаў: Польшчы і Літвы. Але для таго каб сюды прыйшлі інвестары, а за імі – замежныя турысты, трэба максімальна спрасціць візавы рэжым – ні палякі, ні літоўцы не будуць траціць дадатковыя грошы, каб праехаць пару кіламетраў у бок Беларусі і ўбачыць амаль тыя самыя аб’екты, што і ў сябе на радзіме. Тым больш, консульскі аддзел Беларусі ў Аўгустове не працуе з 2009 года, таму па візу палякам трэба ехаць у Беласток, – кажа дырэктар гарадзенскай турфірмы, якая больш за 10 гадоў працуе з польскімі турыстамі. – Трэба разлічваць на індывідуальных турыстаў, а таму стварэнне велізарных комплексаў немэтазгоднае. Апроч таго, тым, хто шукае інвестараў, трэба дасканала ведаць гісторыю гораду і раёну – тут багата гістарычных аб’ектаў, якія абавязкова трэба ўключаць у турыстычны маршрут. На адных лыжах далёка не паедзеш. У гэтым сэнсе Беларусь ад пачатку прайграе буйным еўрапейскім цэнтрам, трэба шукаць сваю адметнасць».

Праграма развіцця спецыяльнага турыстычна-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал» на 2012–2015 гг. прадугледжвае фінансаванне з бюджэту, аднак ўсяго на 775 тыс. еўраў.

belsat.eu

Стужка навінаў