Апытанне: замах ці PR?


Як паведамілі сёння расейскія медыі, удалося перадухіліць чацвёртую спробу забойства прэм’ер-міністра краіны. Падазраваных затрымалі яшчэ на пачатку студзеня, але інфармацыя з’явілася толькі сёння – бліжэй да прэзідэнцкіх выбараў, запланаваных на 4 сакавіка. У інтэрнэце падазраваных грамадзянаў Расеі ды Казахстану ўжо ахрысцілі расейскімі «слесарам і токарам», на ўзор асуджаных у справе тэракту ў Менскім метро Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Разам з гэтым расейскі «Першы канал» назваў «псіхічна нездаровымі» людзей, якія лічаць замах на Пуціна PR-ам.

«Белсат» запытаў у масквічоў, ці вераць яны ў спробу забойства Уладзіміра Пуціна якраз падчас выбарчай кампаніі?

«Не, мне падаецца, гэта бязглуздзіца поўная. Калі б так было, то адбылося неяк больш глабальна», – упэўненая маладая пара.

«Я не хачу сказаць, што гэта нейкая правакацыя – напэўна, штосьці было. Дыму без агню не бывае. Сумняюся, што нейкі чалавек незразумелы, якога я бачыў па тэлебачанні, увесь у зялёнцы, мог бы здзейсніць тэракт. Хаця тэарэтычна гэта можа быць, бо ўсе, хто ўдзельнічаюць у выбарчай кампаніі, намагаюцца сябе неяк прапіярыць», – сумняецца пажылы чалавек.

«Ну ў любым выпадку Пуціну гэта не цікава. Ён мае даволі вялікую ахову, і яму гэта не трэба – у яго хапае людзей, што жадаюць галасаваць за яго. Хтосьці іншы, можа быць…» – падазрае апанентаў Пуціна ў чорным PR-ы жанчына.

«Гэта для таго каб перад выбарамі народ адвярнуўся ад Пуціна. Каб яны ўбачылі, што ён зрабіць нічога не можа, што ён такі слабы, што нават замах на яго рыхтуецца. А насамрэч гэта PR-рух. Пуцін – не той чалавек, якому гэта трэба. Бо гэта чалавек-цэрбер. Чалавек вайсковы, разведчык у мінулым, дый нямецкую мову добра ведае», – адзначылася шырокімі ведамі ў дачыненні прэм’ера чарговая рэспандэнтка.

«Я лічу, што гэта PR-рух, каб чарговы раз апраўдаць пуцінскае бязладдзе перадвыбарчае», – упэўнены малады чалавек, які асцерагаецца паказваць твар.

Раней расейскія медыі паведамлялі пра рыхтаванне яшчэ трох замахаў на Пуціна: падчас неафіцыйнага саміту СНД у Ялце ў 2000 г. і візіту Пуціна ў Іран у 2007-м, а таксама ў дзень прэзідэнцкіх выбараў у 2008 г.

belsat.eu

Стужка навінаў