Гарадзенцы застануцца без шампіньёнаў


Польская фірма не здолела пабудаваць у Гарадзенскай вобласці грыбную фабрыку, за што сплоціць штраф памерам 800 тыс. долараў.

Замежны інвестар збіраўся стварыць прадпрыемства для вырошчвання грыбоў цалкам самастойна, пачынаючы ад дакументацыі і сканчаючы мантажом абсталявання. Фабрыка мела выпускаць 4 тыс. тонаў шампіньёнаў на год. 120 тонаў збіраліся прадаваць у Гарадзенскай вобласці, а асноўную частку экспартаваць у Расею. Але польская кампанія «Bio-Eko Oskar Smulski» не змагла нават прайсці праектную стадыю, парушыўшы ўсе тэрміны.

Бізнесоўцы не пралічылі, што адаптацыя праекту да беларускага заканадаўства можа заняць больш часу, чымся здаецца на першы погляд. Фірма, якая пабудавала больш за дзясятак аналагічных фабрыкаў па ўсім свеце, сутыкнулася з розначытаннямі ў дзяржаўных стандартах.

Паводле суддзі абласнога гаспадарчага суда Гарадзенскай вобласці Сяргея Бяляўскага, кантракт на будаўніцтва быў падпісаны яшчэ 14 кастрычніка 2008 г., але ён не быў выкананы. У сакавіку 2011-га беларускі суд вынес рашэнне спагнаць з польскай фірмы штраф памерам 800 тыс. долараў на карысць упраўлення капітальнага будаўніцтва аблвыканкаму. На днях прыйшло заключэнне польскага суда, які прызнаў і абавязаў фірму выканаць рашэнне беларускага боку.

«Хутчэй за ўсё будаўніцтва грыбной фабрыкі не ўвайшло ў кола інтарэсаў мясцовай улады, бо ў нашай краіне бізнес у першую чаргу залежыць ад стаўлення чыноўнікаў. Калі яны не жадаюць пускаць канкурэнтаў, то здольныя патапіць любую ініцыятыву ў бясконцых узгадненнях з рознымі ведамствамі, з чым мне неаднаразова даводзілася сутыкацца, – пракаментаваў сітуацыю намеснік дырэктара Цэнтру абароны правоў уласнасці Саюзу юрыдычных асобаў «Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва» Ігар Ляднік. – Нягледзячы на тое, што апошнім часам можна назіраць пэўныя зрухі, бо эканамічнае становішча краіны вымушае прыцягваць інвестыцыйныя грошы, бізнес-працэдуры пазбаўленыя празрыстасці, інвестары ўвесь час сутыкаюцца з новымі перашкодамі».

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары