Матафонаў: «Белсат» – сапраўдны супернік БТ


У праграме «Прасвет» аўтар культавых гістарычных праграмаў распавёў пра перспектывы развіцця беларускага тэлебачання і сваю працу ў дзяржаўных медыях.

Больш за 10 гадоў Алесь Матафонаў «прабіваў» на дзяржаўным тэлебачанні праекты, прысвечаныя беларушчыне і гісторыі нашай краіны. Напрыканцы 2011 г. ён прыпыніў супрацу з БТ. Кажа, што сышоў ён не па сваім жаданні, але без крыўдаў.

«Насамрэч на БТ працуе вельмі шмат прыстойных і сумленных людзей. Але імідж каналу стварае перадусім рэдакцыя інфармацыйных навінаў. Тое, што людзі такім чынам асвятляюць падзеі, – я не магу іх судзіць. Яны самі рана ці позна будуць вымушаныя паставіць перад сабою пытанне, ці правільна яны рабілі», – кажа Алесь Матафонаў.

Падчас працы над гістарычнымі праектамі ён аб’ездзіў практычна ўсю Беларусь. Паводле Алеся Матафонава, рэйтынг дзяржаўных тэлеканалаў падае: «Я хачу сказаць, што «Белсат» – гэта рэальны супернік дзяржаўных тэлеканалаў. Там, дзе я бываў, калі працаваў на БТ, я на шмат якіх хатах бачыў талерку спадарожнікавую. Я размаўляў з гаспадарамі, і яны казалі: «На вашым тэлебачанні няма чаго глядзець». Я пытаюся: а што вы гледзіце? Яны ўсміхаліся і казалі, што глядзяць «Белсат».

belsat.eu

Стужка навінаў