Памёр аператар Валерый Булдык


27 лютага пасля цяжкой і працяглай хваробы пайшоў з жыцця Валерый Булдык – таленавіты кіна- і тэлеаператар, суаўтар шматлікіх тэлевізійных праграмаў і фільмаў.

Валерый Булдык нарадзіўся 8 лістапада 1946 г. У 1972 г. прыйшоў на Беларускае тэлебачанне, якому аддаў амаль усё жыццё. Тут адбыўся ягоны творчы ўзлёт, станаўленне як майстра – аператара дакументальных і мастацкіх праграмаў і фільмаў.

Творчаму почырку Валерыя Булдыка былі ўласцівыя асаблівыя даверлівасць і цеплыня атмасферы, у якой жылі ды дзеялі героі фільмаў. Праз ягоны добры і разумны позірк бачылі гэты свет мільёны і мільёны гледачоў у Беларусі ды далёка за яе межамі. Сярод найбольш знакамітых працаў В. Булдыка – мастацкія фільмы “Вінт” (1976), “Песня пра зубра” (1980), фільм-балет “Альпійская балада” (1987), “Славянскія танцы” (1994).

Шмат якіх сваіх працаў Валерый зрабіў на “Белкінавідэацэнтры” і ў тэлекампаніі “Карамболь”.

Апошнія гады жыцця Валерый Булдык працаваў на тэлеканале “Белсат”. Сярод найбольш прыкметных ягоных твораў – “Берасцейская крэпасць. Дзве абароны” (2010), “Лабатамія” (2010), “Код прысутнасці” (2011), “Крыжы Беларусі” (2011), шматлікія тэлевізійныя партрэты і тэленарысы. Валерый Булдык уваходзіў ў творчыя групы стваральнікаў праграмаў тэлеканалу “Белсат” “Маю права” і “Эксперт”, якія цяпер карыстаюцца вялікаю прыхільнасцю гледачоў.

Пахаванне Валерыя Булдыка адбудзецца 28 лютага. Пра месца і час пахавання паведамяць дадаткова.

Кіраўніцтва і працаўнікі тэлеканалу “Белсат” смуткуюць разам з блізкімі Валерыя Булдыка і выказваюць шчырыя спачуванні.

Глядзі таксама
Каментары