Школьнікаў навучаць мірна ставіцца да ўзброеных канфліктаў


Ініцыятарам новых заняткаў стаў Чырвоны Крыж.

Сёлета ў кожнай чацвёртай школе Віцебску будуць выкладаць новы курс. Прадстаўніцтва Чырвонага Крыжа ў Беларусі падпісала адпаведнае пагадненне з Міністэрствам адукацыі. Пры паспяховых выніках досвед плануюць перанесці на іншыя гарады. “Гэты курс дазваляе школьнікам засвоіць нормы гуманітарнага права ў сучасным грамадстве, выпрацаваць актыўную пазіцыю – дапамагаць людзям, якія аказаліся ў небяспецы”, – адзначыла намесніца начальніка аддзелу адукацыі гарвыканкаму Аляксандра Гапанова.

Яна паведаміла, што выкладаць будуць пры дапамозе інавацыйных метадаў (напрыклад, медыя-прэзентацыяў), у некаторых школах створаць віртуальны музей Чырвонага Крыжа.

Адмыслоўцы з Чырвонага Крыжа ды Міністэрства адукацыі распрацавалі дапаможнік. Паводле аўтара Васіля Раманава, школьнікі старэйшых класаў у даступнай форме атрымліваюць базавыя веды пра міжнароднае гуманітарнае права: “Гэта дапаможа ім ацэньваць сітуацыю пры ўзброеных канфліктах, пра якія яны так шмат чуюць з экранаў тэлевізара, а таксама сфармаваць пазіцыю негвалтоўных дачыненняў – то бок, мірна развязваць спрэчныя сітуацыі. У межах курсу прадугледжаныя сустрэчы школьнікаў з удзельнікамі ваенных дзеянняў”.

Беларусь падпісала шэраг міжнародных дамоваў – Жэнеўскія канвенцыі ды Дадатковыя пратаколы да іх, якія абавязваюць дзяржаву ўлучаць вывучэнне міжнароднага гуманітарнага права ў нацыянальную адукацыйную сістэму.

belsat.eu

Стужка навінаў