Расейскае тэлебачанне: Замах на Пуціна рыхтаваўся ў Адэсе


Паводле расейскіх медыяў, прэм’ер-міністра краіны спрабавалі забіць ужо чацвёрты раз. Падазраваных затрымалі яшчэ на пачатку студзеня, але інфармацыя з’явілася толькі сёння – бліжэй да прэзідэнцкіх выбараў, запланаваных на 4 сакавіка.

Спецслужбы Украіны і Расеі сарвалі планы зламыснікаў, якія рыхтавалі замах на Уладзіміра Пуціна, паведаміў ранкам у панядзелак дзяржаўны Першы канал.

Служба бяспекі Украіны пацвердзіла гэтую інфармацыю, не падаючы дэталяў, паведамляе расейскае інфармацыйнае агенцтва “Новости”.

Першы канал паінфармаваў, што на пачатку лютага ў Адэсе затрымалі асобаў, якія былі ў міжнародным вышуку. З іх паказанняў стала вядома, што адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў 4 сакавіка яны рыхтавалі замах на Пуціна.

Пуцін лічыцца фаварытам перадвыбарнай гонкі. Ягоны прэс-сакратар Дзмітрый Пяскоў таксама пацвердзіў інфармацыю Першага каналу, але каментаваць яе адмовіўся.

У сваю чаргу, прадстаўнік адной з расейскіх спецслужбаў распавёў агенцтву “Новости”, што “ў гэтым выпадку фігуруюць канкрэтныя асобы, якія падазраюцца ў тэрарыстычнай дзейнасці”.

На пачатку студзеня Галоўнае ўпраўленне МУС Украіны ў Адэскай вобласці распачало крымінальную справу паводле факту выбуху і пажару ў доме на вуліцы Ціраспальскай, 24 у Адэсе, падчас якога загінуў 26-гадовы грамадзянін Расейскай Федэрацыі і сур’ёзна пацярпеў 28-гадовы грамадзянін Казахстану. Трэці пастаялец схаваўся. Паводле звестак медыяў, гэта быў Адам Асмаеў. Выбух адбыўся падчас вырабу выбуховай прылады.

Паводле паказанняў Іллі П’янзіна, які застаўся жывы, яны разам з загінулым Русланам Мадаевым прыляцелі з Арабскіх Эміратаў праз Турцыю з выразнымі інструкцыямі ад прадстаўнікоў чачэнскага лідара Дакі Умарава, паведаміў карэспандэнт Першага каналу.

Як гаворыцца ў рэпартажы, менавіта Асмаеў, які да гэтага доўгі час жыў за мяжою ў Лондане, быў сувязным ды інструктарам тэрарыстаў у Адэсе. Ён меў навучыць іх і пераправіць у Маскву. “Увесь план падрыхтоўкі аператыўнікі знайшлі ў ягоным ноўтбуку”, – адзначае карэспандэнт. Асмаеў быў абвешчаны ў міжнародны вышук за рыхтаванне замаху на кіраўніка Чэчні Рамзана Кадырава.

Раней расейскія медыі паведамлялі пра рыхтаванне яшчэ трох замахаў на Пуціна: падчас неафіцыйнага саміту СНД у Ялце ў 2000 г. і візіту прэм’ера ў Іран у 2007-м, а таксама ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 2008 г.

belsat.eu

Стужка навінаў