У Берасці збіраюць подпісы за малы прымежны рух


Берасцейскія актывісты грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» сабралі каля 3 тыс. подпісаў пад зваротам да ўладаў спрыяць увядзенню малога прымежнага руху.

Як паведаміла актывістка Ганна Канюс, гэты дакумент, у якім таксама ўтрымліваецца просьба паскорыць будаўніцтва міжнароднага турыстычнага пешаходнага памежнага пераходу «Берасце – Тэрэспаль», 26 лютага яны накіравалі ў Берасцейскі гарвыканкам і гарадскі Савет дэпутатаў.

Паводле Ганны Канюс, збор подпісаў праводзіўся ў абласным цэнтры ў рамках праграмы «Крок у Еўропу». Гэтая праграма, пачатая рэгіянальнымі актывістамі кампаніі «Гавары праўду!» у жніўні 2011 г., закліканая спрыяць рэалізацыі на практыцы закону аб ратыфікацыі беларуска-польскай міжурадавай дамовы аб правілах прымежнага руху, які дае жыхарам 50-кіламетровай прымежнай тэрыторыі права на бязвізавае перасячэнне мяжы.

Як дадала актывістка, у Берасці, Жабінкаўскім, Камянецкім, Берасцейскім і Пружанскім раёнах актывісты правялі акцыі для распаўсюду тэматычных інфармацыйных матэрыялаў. Усяго раздалі каля 5 тыс. асобнікаў. «Такія акцыі паказалі, што практычна ўсе жыхары гэтых рэгіёнаў выступаюць за найхутчэйшую рэалізацыю малога прымежнага руху», – адзначыла прадстаўніца кампаніі «Гавары праўду!».

Паводле яе, праграма «Крок у Еўропу» будзе працягвацца, пакуль на практыцы не запрацуе дамова паміж урадамі Беларусі ды Польшчы аб малым прымежным руху.

1 сакавіка пачнецца выдача дазволаў на малы прымежны рух паміж Беларуссю і Латвіяй.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары