«Архімандрыт». Фільм, які змяняе да лепшага. Трэйлер




Праваслаўны скіт, без электрычнасці, водаправоду, без сувязі з вонкавым светам. Жыве ў ёй у адзіноце і малітвах архімандрыт Гаўрыіл – праваслаўны манах з Падляшша ў Польшчы. Неардынарная асоба манаха-пустэльніка Гаўрыіла прыцягвае паломнікаў, з кожным ён імкнецца знайсці агульную мову, дае карысныя духоўныя парады, лечыць зёлкамі, мёдам са сваёй пасекі, зараджае аптымізмам і пазітыўнай энергіяй. А калі трэба, айцец не цураецца працы разам з усімі на будоўлі скіту. Найбольшы клопат для архімандрыта – тое, што ён пакуль не можа знайсці сабе пераемніка. Прэм’ера новага дакументальнага фільму Юрыя Каліны «Архімандрыт» у эфіры «Белсату» 26 лютага, а 19:55

На перадпрэм’ерным паказе фільму 400 квіткоў раскупілі на другі дзень.

Глядзець фільм: http://belsat.eu/be/klipy_trailery/wideo/m,3669,arkhimandryt-dak-film.html

Пра таямніцы стварэння фільму, рэакцыю архімандрыта і тое, пра што нас прымушае задумацца гэты фільм, распавядае рэжысёр Юрый Каліна:

У дакументальным фільме самае істотнае – гэта тэма. Архімандрыта Гаўрыіла я ведаю больш за 20 гадоў, яшчэ з часоў, калі ён быў настаяцелем слыннай Супраслеўскай лаўры. Але пра яго як пра патэнцыйнага героя фільму я пачаў думаць каля чатырох гадоў таму, калі архімандрыт пераехаў у вёску Адрынкі на рацэ Нараў у Падляшшы, дзе пачаў будаваць першы ў Польшчы праваслаўны скіт (пустэльню). Заставалася толькі пераканаць айца Гаўрыіла, каб ён пагадзіўся здымацца ў праекце. Гэта ўдалося, але не без праблемаў. Вырашальным было тое, што я таксама праваслаўны беларус і мае працы вядомыя ў рэгіёне.

Ад ідэі да заканчэння мантажу мінулі 3,5 гады. Увесь гэты час я назіраў з камераю за ўсім, што адбывалася ў скіце. На маіх вачах паўсталі амаль кіламетровая кладка (яна злучыла скіт з сушаю), дом манахаў, роў вакол скіту, пасека. Нарэшце – прыгожая драўляная царква. Усё гэта на багне, куды паўгода немагчыма нічым даехаць, без электрычнасці, водаправоду, тэлефона ды іншых дасягненняў цывілізацыі. Ужо толькі гэта ўражвае.

Усё гэта паўстала дзякуючы аднаму чалавеку – архімандрыту Гаўрыілу, здольнаму яднаць людзей і заахвочваць іх да супольнай працы. Ён – чалавек з вялікаю харызмаю, якая склалася за дзясяткі гадоў святарскага служэння. Архімандрыт Гаўрыіл – святар Польскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, мае тыя ж правы і абавязкі, як і любы іншы святар. Але ён адрозніваецца ад большасці з іх, бо публічна заяўляе, што ён – праваслаўны беларус. Варта дадаць, што вялікая частка шматтысячнай супольнасці праваслаўных у Польшчы – этнічныя беларусы, якія пераважна жывуць у Падляшскім ваяводстве. Але далёка не ўсе маюць беларускую нацыянальную свядомасць. Падчас апошняга перапісу насельніцтва беларусамі сябе назвалі 49 тыс. польскіх грамадзянаў. Амаль 100 % з іх – праваслаўныя хрысціяне. Я асабіста ведаю [толькі] трох беларускіх грамадзянаў Польшчы, якія ёсць каталікамі.

Архімандрыт Гаўрыіл лечыць зёлкамі, ладзіць адукацыйныя сустрэчы, піша кнігі, ён вельмі адкрытая асоба. Ён заўжды знойдзе час на размову, духоўную параду, нават матэрыяльную дапамогу для тых, хто цярпіць нястачу.

У скіце мы пабывалі з камераю 15 разоў, кожны дзень было па-іншаму, кожны дзень быў па-свойму цікавы. Таксама мы ездзілі ў Кіева-Пячэрскую лаўру – выток праваслаўнай царквы ўсяе Русі. У выніку я запісаў 36 гадзінаў відэа разам з авіяздымкамі, і тут пачалася ўважлівая, але вельмі творчая праца на мантажы.

Я прафесіянал, я нават сказаў бы педант. Так што ў мяне гэта займае шмат часу. Спачатку я перапісваю ўсё са стужкі на паперу, потым раблю мантаж па-сухому – на паперы. Толькі тады, калі ў мяне ёсць канчатковы мантажны спіс, я сустракаюся з мантажыстам – і паўстае фільм.

Падчас здымак я ўвесь час думаў, што менавіта павінна быць у кіно. Паказ працэсу будоўлі скіту пасуе хутчэй для адукацыйнага фільму, чымся для дакументальнага. Толькі напрыканцы я зразумеў, што ўва ўсім гэтым самае важнае для мяне як дакументаліста – паказаць чалавека «не ад гэтага свету», які ў ХХІ ст. стварае ўтопію на зямлі. Зрэшты, робіцца гэта з дапамогай і пры велізарным падтрыманні тысяч людзей, якія ў захапленні ад гэтага, яны прыязджаюць, каб дапамагчы, даць грошай, падтрымаць духоўна. У той жа час архімандрыт Гаўрыіл вельмі адзінокі, бо няма нікога, хто хацеў бы падзяліць з ім выпрабаванні штодзённага жыцця ў скіце. І менавіта пра гэта фільм.

Для ажыццяўлення гэтай задумы я, вядома ж, мусіў атрымаць дазвол мітрапаліта Савы, але ў мяне не было з гэтым праблемаў. Перш за ўсё таму, што я цягам некалькіх гадоў запісваю для TVP (Польскае дзяржаўнае тэлебачанне) жыццё Праваслаўнай Царквы і беларускай меншасці ў Польшчы. Хтосьці звонку гэтак лёгка не атрымаў бы такога дазволу.

Здымкі ў такіх месцах, як манастыры і святыні розных канфесіяў, патрабуюць ад здымачнай каманды пэўных паводзінаў. Каб ведаць, як паводзіцца, трэба ведаць асновы пэўнай рэлігіі, ды быць культурным чалавекам. Я неаднойчы бачыў тэлежурналістаў на Падляшшы, якія ў царкве трымалі рукі ў кішэнях, палілі цыгарэты побач са святыняю. Я перакананы, што ў сваім касцёле яны б так не паводзіліся.

У добрым дакументальным фільме кожны знойдзе нешта для сябе. «Архімандрыт» ужо меў крыху гледачоў і, што цікава, амаль усе звярнулі маю ўвагу на нешта іншае. Адныя казалі, што фільм быў занадта доўгі, іншыя – што занадта кароткі. Былі тыя, хто пераконваў мяне, што трэба выразаць сцэны знішчэння скіту вандаламі, бо гэта псуе «ідылічную карціну Падляшша», дзе кожны, незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання, жыве як у раі. Архімандрыт Гаўрыіл падчас першага паказу ў маім доме праліў слёзы замілавання, яму спадабаўся фільм. Я спадзяюся, што іншым стужка таксама спадабаецца, бо – на мой погляд – яна правакуе шукаць адказу на важныя пытанні: якія мы самі, ці маем мы яшчэ вышэйшыя каштоўнасці або спакусы сучаснага свету нас цалкам паглынулі? На перадпрэм’ерным паказе фільму ў Беластоку, у кіно «Forum», квіткі раскупілі на другі дзень продажу, нягледзячы на тое, што ў кіназале 400 месцаў.

Здымкі ў праваслаўным манастыры – для мяне вялікі гонар. Раней для TVP я рабіў дакументальны цыкл «Праваслаўныя манастыры ў Польшчы». Я пабываў з камерай у шасці асноўных манаскіх абшчынах. Але каб паказаць карані праваслаўя ў нашай краіне, мы былі таксама ў манастырах Літвы, Беларусі, Украіны, Славаччыны і Грэцыі. Фільм «Архімандрыт» – у пэўным сэнсе працяг той працы. Толькі яшчэ больш прыемны, бо архімандрыт Гаўрыіл – выдатны чалавек, адораны шматлікімі талентамі ды ўменнямі. Такой поснай ежы, як у скіце ў Адрынках, я ніколі не каштаваў, а гатуе яе сам гаспадар. Але значна больш важны кантакт з людзьмі, сапраўды адданымі Богу і служэнню іншым людзям. Мімаволі пачынаеш думаць: хто я, чаму я не магу дазволіць сабе такія паводзіны, ці мог бы я адмовіцца ад сумнеўных прыемнасцяў, якімі спакушае нас сучасны свет, на карысць вышэйшых каштоўнасцяў? Я прызнаю, што праца над гэтым фільмам прымусіла мяне шмат над чым задумацца і крыху змяніла, спадзяюся, да лепшага…

Вольга Швед

Стужка навінаў