Магілёўскія бяздомнікі атрымаюць шанец


У Магілёве з’явіцца 20 месцаў для бяздомнікаў. Тут створаць цэнтр часовага начнога перабывання для людзей без вызначанага месца жыхарства.

Займаць ложак у спецыялізаваным цэнтры бяздомны зможа цягам трох месяцаў. Падчас тэрміну ён мусіць актыўна шукаць працу. Яму дапамогуць аднавіць дакументы і паспрыяюць сацыяльнай адаптацыі. Праз тры месяцы кіраўніцтва цэнтру будзе прымаць рашэнне, ці варта працягваць тэрмін перабывання чалавека. Бяздомных без жадання адаптавацца ў грамадстве і ўладкоўвацца на працу будуць высяляць.

Установу арганізуюць на базе цэнтру сацыяльнай адаптацыі для асобаў, вызваленых з месцаў пазбаўлення волі, які адносіцца да Магілёўскага ўпраўлення ўнутраных справаў. Звычайна ў ім знаходзілі прытулак 10–12 чалавек, але гэтаю зімою колькасць бамжоў вырасла да 18. З 1 сакавіка цэнтр пяройдзе на баланс Магілёўскага гарвыканкаму, зменіць назву і павялічыць колькасць ложкаў.

“Бяздомнікамі становяцца з розных прычынаў, але часцей за ўсё пасля вызвалення з турмы. Калі людзі аказваюцца на волі, шмат каму няма куды вяртацца, – кажа міласэрная сястра Таццяна Петручэнка. – Напрыклад, на гэтым тыдні ў святыню за дапамогаю прыйшоў мужчына, які адбываў тэрмін за нявыплату аліментаў. Дом, дзе ён раней жыў, за два гады стаў непрыдатны для жыцця, адтуль вынеслі ўсё, нават лямпачкі. Пакуль ён уладкоўваецца на працу, яго пусцілі да сябе суседзі, але так шанцуе далёка не ўсім. Цэнтр, дзе б бамжы маглі пажыць некаторы час, дапаможа шмат каму вярнуцца да нармальнага жыцця”.

Цяпер на ўліку ў органах унутраных справаў Магілёўскай вобласці зафіксаваныя 164 грамадзяніны без вызначанага месца жыхарства, большасць з іх – у Магілёве і Бабруйску.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары