Польскім ксяндзам пагражаюць не працягнуць візаў


Савет па справах рэлігіяў і нацыянальных меншасцяў незадаволены з таго, што набажэнствы праводзяцца па-польску.

Упаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальных меншасцяў у Беларусі Леанід Гуляка пацвердзіў, што апошнім часам каталіцкім ксяндзам, якія прыязджаюць з Польшчы, беларускі бок выдае візы на тры або шэсць месяцаў, хоць паводле законе выдаваць візы можна і на год. Цяпер у чатырох ксяндзоў падыходзіць да сканчэння тэрмін візаў, і ці атрымаюць яны надалей дазвол на знаходжанне ў Беларусі – пад пытаннем.

“Наконт гэтых чатырох ксяндзоў у нас ёсць некаторыя сумненні. Мы можам прадоўжыць ім візы яшчэ на тры месяцы, але, не выключана, што мы ўвогуле не будзем іх прадаўжаць, – кажа спадар Гуляка і ўдакладняе прычыны: – Вернікі скардзяцца, што некаторыя ксяндзы на працягу некалькіх гадоў знаходжання ў Беларусі ні разу падчас імшы не карысталіся беларускай або расейскай мовамі. Гэта праблема, бо сёння не кожны вернік валодае польскаю моваю”.

Намеснік старшыні незалежнага Саюзу палякаў на Беларусі Андрэй Пачобут кажа, што гэтыя прычыны надуманыя, і бачыць сітуацыю ў палітычным кантэксце. “Ніякай праблемы з веданнем беларускай ці расейскай мовы у ксяндзоў няма. Проста ёсць мястэчкі, дзе жывуць пераважна палякі, таму лагічна, што імша праводзіцца па-польску. Гэта раздражняе беларускія ўлады. Праблемы з выданнем візаў для ксяндзоў паўстаюць падчас абвастрэння адносінаў уладаў з нацыянальнымі меншасцямі – палякамі – і з Захадам наагул. Лукашэнка і ягоныя паплечнікі такім чынам спрабуюць хоць як-небудзь зачапіць Польшчу, паказаць сваё стаўленне да палітыкі польскіх уладаў у дачыненні рэжыму Лукашэнкі”.

Нагадаем, што ў 2007 годзе тагачасны віцэ-прэм’ер Аляксандр Косінец настойваў, каб польскіх ксяндзоў наагул не было ў Беларусі. У 2009 годзе трох польскіх ксяндзоў выслалі з Беларусі – менавіта праз тое, што яны праводзілі літургіі па-польску. На сёння ў Беларусі каля 450 каталіцкіх святароў, 152 з іх – з Польшчы.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары