Пажылыя менчукі не аддаюць кватэраў дзяржаве


Ахвотных абмяняць уласную кватэру на пажыццёвы догляд сярод пажылых менчукоў амаль не знайшлося. З 7 тысячаў самотных пенсіянераў, старэйшых за 70 гадоў, згоду на заключэнне рэнтавых адносінаў далі толькі два чалавекі.

Мінулым летам Менгарвыканкам распачаў эксперымент для паляпшэння сацыяльнага абслугоўвання пажылых. Пенсіянерам прапанавалі перадаць уласныя кватэры гораду за пажыццёвы догляд з месцам у інтэрнаце ці дармавыя паслугі сацыяльных працаўнікоў на месцы жыхарства. Некалькі месяцаў старым тлумачылі плюсы такога рашэння, але чаканых вынікаў эксперымент не прынёс.

Тым, хто пагадзіўся, будуць выплочваць штомесяц рэнтавую суму ад 1 да 3 базавых велічыняў, а таксама забяспечаць паўнавартасны догляд з палепшаным харчаваннем і медычным абслугоўваннем. Адзін з пенсіянераў, які даў згоду, будзе даглядацца на месцы жыхарства, а другі адправіцца ў дом ветэранаў вайны і працы “Світанак”.

Як патлумачылі ў натарыяльнай канторы № 1 Першамайскага раёну, пасля заключэння рэнтавай дамовы кватэра адразу ж пераходзіць ва ўласнасць гораду, але прадаць яе могуць толькі пасля смерці рэнтаатрымальніка. У дамове павінны быць дакладна прапісаныя абавязкі абодвух бакоў: ад таго, колькі разоў на тыдзень будзе прыбірацца кватэра, да колькасці гадзінаў, якія сацыяльны працаўнік будзе праводзіць побач з пенсіянерам. Дамова можа быць скасаваная, калі догляд не будзе задавальняць пенсіянера.

Сацыяльная працаўніца Валянціна Гафоніна не бачыць пільнай патрэбы падпісваць рэнтавую дамову. “Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання сёння прапаноўваюць вялікі пералік паслугаў у справе догляду пажылых людзей – як на платнай аснове, калі пенсіянеры маюць сваякоў, гэтак і задарма, калі пенсіянеры самотныя. На ўмовах поўнай аплаты, якая складае каля 30 тысячаў, абслугоўваюцца людзі ў выпадку, калі іхныя сваякі жывуць з імі ў адным населеным пункце. На маім участку каля 15 пенсіянераў, якіх я наведваю – у залежнасці ад высновы медычнай камісіі – 3 або 5 разоў на тыдзень, купляю ім харчаванне, лекі, дапамагаю гатаваць ежу і прыбіраць, суправаджаю ў паліклініку”, – падзялілася адмыслоўца.

belsat.eu

Стужка навінаў