Ціск на прафсаюзы адгукнецца байкотам беларускіх тавараў?


“Калі спатрэбяцца сур’ёзныя салідарныя дзеянні, то да такіх дзеянняў [да байкоту беларускіх тавараў – belsat.eu] можа заклікаць нашая Канфедэрацыя працы Расеі. Наш заклік будзе пачуты. У звязку з гэтым я рэкамендую дзяржаўным органам, пракуратуры Беларусі адчапіцца ад Ярашука”, – заявіў у інтэрв’ю “Белсату” прэзідэнт Канфедэрацыі працы Расеі Барыс Краўчанка.

Канфлікт распачаўся з таго, што з афіцыйнага прафзвязу на прадпрыемстве вырабу будаўнічых матэрыялаў «Граніт» у Мікашэвічах выйшлі больш за 600 працаўнікоў. 200 з іх афіцыйна далучаліся да незалежнага прафсаюзу. Кіраўніцтва прадпрыемства, міліцыя і КДБ распачалі ціск на актывістаў, рабочым пагражаюць звальненнем, некаторыя ўжо засталіся без працы.

14 лютага Генеральная пракуратура вынесла афіцыйнае папярэджанне прафзвязаўскаму лідару Аляксандру Ярашуку з прычыны ягоных выказванняў пра магчымасць закліку да байкоту беларускіх тавараў з боку Еўразвязу. Прафсаюзнага дзеяча папярэдзілі, што за гэта яму можа пагражаць да 5 гадоў зняволення.

“Ярашук паводзіцца адказна, ён робіць захады дзеля абароны чальцоў прафзвязу, і калі спатрэбяцца жорсткія дзеянні, іх будзем рабіць мы – расейскія прафсаюзы, міжнародны прафзвязаўскі рух, міжнародная Канфедэрацыя прафесійных звязаў”, – заявіў Барыс Краўчанка.

Паводле экспертаў, супрацьдзеянне прафзвязаў і байкот беларускіх тавараў палохае афіцыйны Менск больш за любыя іншыя санкцыі. “Сапраўдныя санкцыі, – і пра іх амаль ніхто не гаворыць, – гэта абсалютная блакада для беларускіх тавараў”, – мяркуе палітолаг Уладзімір Падгол.

Салідарнасць з дзеячамі прафсаюзу на “Граніце” выказала таксама Міжнародная канфедэрацыя прафесійных звязаў, што гуртуе 175 мільёнаў працоўных.

belsat.eu

Стужка навінаў