Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін святкуе 77-годдзе.


Дзядзька Рыгор выдаў больш за 70 зборнікаў паэзіі ды працягвае пісаць і цяпер.

“На жаль, мы вельмі часта ўспамінаем пра вялікіх людзей тады, калі іх ужо няма з намі. Таму вельмі добра, што ў нас ёсць магчымасць пры жыцці выказаць удзячнасць Рыгору Іванавічу, сказаць, што мы яго любім, паважаем, і зычым яму яшчэ доўга нас радаваць сваімі вершамі. Мы – удзячныя чытачы і тыя, хто мае магчымасць публікаваць гэтыя творы, – будзем з радасцю іх публікаваць”, – віншуе паэта рэдактар часопісу “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч.

“Рыгор Барадулін – гэта сінонім беларускай паэзіі. Ён у адным шэрагу з Купалам, Коласам і Багдановічам. Гэта найвялікшы наш гонар. Барадулін – чараўнік беларускага слова, ніхто і ніколі не працаваў з беларускім словам так, як ён. Калі яму не хапае словаў, што ёсць у слоўніку, ён вельмі лёгка стварае свае, барадулінскія словы, якія лёгка-лёгка ўваходзяць ва ўжытак тых, хто на беларускай мове да гэтай пары, дзякуй Богу, размаўляе”, – кажа Уладзімір Някляеў.

Спадар Барадулін працягвае пісаць – нягледзячы на праблемы з выдавецтвамі ды не зважаючы на тых, хто кажа пра няіснасць беларускай мовы.

“Можа, прагучыць банальна, але мне дапамагае перадусім любоў да роднага слова і да Беларусі. Я раней вельмі многа перакладаў – можа, і не тое, што трэба, але вельмі хацелася, каб усё было па-беларуску. І цяпер, як пішу, думаю пра тое, каб беларушчына жыла. Нас столькі вякоў вынішчаюць, а мы ўсё роўна жывем. Думаю, што рана ці позна беларусы ўрэшце прачнуцца… Калі я пачынаў пісаць – быў глухі савецкі час. Доступу да нармальнай паэзіі не было. Мяне ўратавала народнае слова, паэзія народу”, – распавёў “Белсату” Рыгор Барадулін.

Нягледзячы на гады і стан здароўя, паэт піша. “Галоўнае, – кажа ён, – не ўпадаць у адчай. Стараюся думаць, што яшчэ спатрэблюся людзям, і самае галоўнае, каб быў патрэбны і сабе”, – кажа ён.

belsat.eu

Стужка навінаў