У Магілёве будуць выпускаць «ІКЕА»


Аднак уся прадукцыя пойдзе на экспарт. Гэта ўмова ўладаў Беларусі – каб не ствараць канкурэнцыі для мясцовых вытворцаў.

Замежнае прадпрыемства «Мебелаін» пачало будаўніцтва мэблевай фабрыкі ў Магілёве. На ім будуць выпускаць корпусную мэблю з калекцыі «IKEA». Характэрнай асаблівасцю гэтага праекта ёсць тое, што 100 % прадукцыі будзе экспартавацца.

«Палова прадукцыі будзе сыходзіць у Расею, палова – у краіны Еўразвязу, – удакладняе Браніслаў Фіалкоўскі, дырэктар кампаніі «ВМГ Індустрыя», якая выступіла заснавальнікам прадпрыемства «Мебелаін». – Некаторую частку вырабленай мэблі можна было б пакідаць і ў Беларусі. Але пры падпісанні дамовы асноўная ўмова беларускага боку заключалася ў тым, каб уся прадукцыя ішла на экспарт, каб не ствараць канкурэнцыі мясцовым вытворцам».

Два гады канцэрн «Беллеспаперапрам» блакаваў падпісанне дамовы, бо ў яго падпарадкаванні найбуйнейшыя беларуская дрэваапрацоўчыя заводы і мэблевыя фабрыкі.

Аднак, як паведамляе начальнік аддзелу інвестыцыяў СЭЗ «Магілёў» Андрэй Кісялёў, новае прадпрыемства пад маркай «ІКЕА» усё ж такі распачне працу сёлета – на восень запланаваны запуск першай вытворчай лініі. «У будаўніцтва фабрыкі будзе інвеставанае больш за 12 мільёнаў еўраў. Чакаецца, што гадавы абарот прадпрыемства складзе каля 20 мільёнаў еўраў. Для нашага гораду гэта істотныя падатковыя паступленні ў бюджэт (каля 1,5 мільёнаў еўраў штогод) і 1150 новых працоўных месцаў».

«ІКЕА» – адна з найбуйнейшых мэблевых кампаніяў у свеце. Яна выпускае і прадае недарагую масавую мэблю, якую пакупнікі збіраюць дома самастойна. У свеце працуюць каля 330 фірмовых крамаў. Гадавы аб’ём продажу – 23,5 млрд еўраў.

belsat.eu

Стужка навінаў