«Смяротнае пакаранне – унутраная справа»


«Рэзалюцыя Еўрапарламенту аб смяротнай кары ў Беларусі ёсць працягам практыкі аказання ціску на беларускія ўлады і ўмяшання ва ўнутраныя справы нашай дзяржавы. Пры гэтым складваецца ўражанне, што праўдзівасць фактаў і абгрунтаванасць высноваў усё менш турбуе еўрапарламентарыяў», – гаворыцца ў прэс-рэлізе камісіі міжнародных справаў і сувязяў з СНД і камісіі заканадаўства ды судова-прававых пытанняў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Такім чынам беларускія дэпутаты адрэагавалі на рэзалюцыю Еўрапарламенту ў дачыненні Беларусі, прынятую 16 лютага ў Страсбургу. Рэзалюцыя асуджае смяротныя прыгаворы, вынесеныя абвінавачаным у тэрарызме Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву, а таксама заклікае ўлады Беларусі абвесціць мараторый на смяротную кару.

Дэпутаты зазначаюць: на падставе звестак нейкіх няўрадавых арганізацыяў Еўрапарламент безапеляцыйна прызнае рашэнне Вярхоўнага суда ў справе Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва несправядлівым. «І гэта пры тым, што разгляд згаданай справы вёўся ў максімальна адкрытым фармаце, у тым ліку і для сродкаў масавай інфармацыі. Спасылаючыся на ананімных назіральнікаў за судовым працэсам, аўтары рэзалюцыі робяць выснову пра нібыта сур’ёзныя працэдурныя парушэнні падчас следства і судовага разбору», – сказана ў прэс-рэлізе.

У тэксце падкрэсліваецца, што «нормамі міжнароднага права (артыкул 6 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах) дапускаецца прымяненне смяротнай кары за самыя цяжкія злачынствы на падставе прыгавораў судоў, за выключэннем яе прымянення да непаўналетніх і цяжарных жанчын».

Раней сваё меркаванне наконт рэзалюцыі Еўрапарламенту выказала беларускае Міністэрства замежных справаў. «Еўрапарламент дэ-факта становіцца на бок тэрарыстаў, некампетэнтна падвяргаючы сумненню высновы, вывады і рашэнні беларускага суда ў справе аб тэрактах. Еўрапарламент таксама, што не робіць яму гонару, груба ўмешваецца ў ажыццяўленне правасуддзя ў суверэннай дзяржаве», – гаварылася ў заяве МЗС ад 17 лютага.

belsat.eu

Стужка навінаў