Святлана Калінкіна: Тэлебачанне зрабіла ўсё, каб выступы выглядалі непрафесійна


Шэф-рэдактар “Народнай волі” прааналізавала тэлевізійныя выступы апазіцыйных кандыдатаў на прэзідэнцкую пасаду.

“Беларускае тэлебачанне зрабіла ўсё, каб гэтыя выступы выглядалі непрафесійна, – кажа Святлана Калінкіна. – Гэта сапраўды цяжка – паўгадзіны гаварыць без суфлёра, не маючы ніякага досведу выступу на тэлебачанні ды перад камераю. А палітычны пі-ар у нашай краіне проста вымер. Гэта ў вялікай ступені самадзейнасць”.

На думку журналісткі, выступы ўсіх кандыдатаў можна падзяліць на тры групы. Першая група – гэта тыя палітыкі, што выпадкова трапілі ў кандыдаты. “Гэта Зміцер Вус і, што вельмі шкада, Рыгор Кастусёў. Відавочна, што гэтыя людзі не рыхтаваліся, яны не ўмеюць сябе трымаць перад камерай і не ведаюць, як сябе паводзіць перад вялікімі аўдыторыямі”, – зазначыла Святлана Калінкіна.

Другая група, на думку журналісткі, – гэта людзі, што сур’ёзна рыхтаваліся да свайго кандыдацтва, але не разлічваюць на перамогу. “Яны вельмі рацыянальна паставіліся да сваіх выступаў. Гэта Цярэшчанка, Рымашэўскі, Міхалевіч і Раманчук. У кожнага з іх свае мэты, але яны спрабавалі данесці рацыянальныя пасылы да тых, хто іх будзе глядзець”.

“Трэцяя група – гэта тыя кандыдаты, што маюць уяўленне, што такое тэлевізійны выступ. У той ці іншай ступені ў іх атрымаўся нейкі вынік”, – лічыць Святлана Калінкіна. Паводле журналісткі, гэта Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў і Мікола Статкевіч.

belsat.eu

Стужка навінаў