Ратка Младзіч: Мяне судзіць НАТО


У гэтым чалавеку цяпер цяжка пазнаць генерала, што фактычна кіраваў аперацыяй, падчас якой былі забітыя больш як 8 тыс. чалавек. Ратка Младзіч заяўляе, што суд над ім перадузяты, і вінаваціць краіны НАТО ў нападзе на афрыканскія ды азіяцкія краіны.

«Вы – гэта суд НАТО, і вы судзіце мяне ад імя НАТО, мяне і маіх людзей. Вы не маеце права гэта рабіць, бо НАТО бамбавала мой народ, няшчасных людзей у Азіі ды Афрыцы. Ваш натаўскі суд перадузяты», – заявіў Ратка Младзіч на трыбунале ў Гаазе.

Младзіча арыштавалі летась у траўні ды перадалі ў Гаагу ў якасці абвінавачанага ў арганізацыі забойства больш як 8 тыс. мусульманскіх мужчынаў і хлопчыкаў у Срэбрэныцы ў 1995 г., а таксама ў аблозе Сараева, дзе былі забітыя 10 тыс. чалавек. Ад трыбуналу Ратка Младзіч хаваўся 16 гадоў.

69-гадовы абвінавачаны мае праблемы са здароўем, і пракуроры апасаюцца, што ён можа не дажыць да абвяшчэння прысуду, як гэта здарылася з былым лідарам Югаславіі Слабаданам Мілошэвічам.

Ратка Младзіч адпрэчвае ўсе абвінавачванні, нягледзячы на пераканаўчыя доказы «разні ў Срэбрэныцы» ды іншых вайсковых злачынстваў. «Не важна, колькі я пражыву, важна, што будзе памятаць пра мяне мой народ», – заявіў Младзіч у судзе.

Рашэнне пра выдачу Младзіча прынялі сербскія ўлады. Калі ягоную віну дакажуць, былому генералу пагражае пажыццёвае зняволенне.

belsat.eu

Стужка навінаў