Сяргей Каваленка асуджаны на 2 гады і 1 месяц калоніі


З увагі на тэрмін, які ён ужо правёў за кратамі, застаецца 1 год і 11 месяцаў. Пракурор патрабаваў для яго 2 гады і 8 месяцаў. Суд прызнаў Каваленку вінаватым у парушэнні рэжыму “хатняй хіміі”.

Каваленка быў моцна знясілены. Відаць было, што судовае паседжанне сталася цяжкім выпрабаваннем для ягонага здароўя.

18:40
Сяргея Каваленку завялі ў залу. Людзі ў калідоры крычаць: “Свабоду!”

18:25
Вырак меліся абвесціць а 18-й гадзіне, аднак Каваленку ў залу суда яшчэ не прывялі. На судзе прысутнічаюць некалькі дзясяткаў чалавек. Паміж імі ды судом стаяць кардоны міліцыі.

***
На сённяшняе пасяджэнне суда сваякоў, грамадскіх актывістаў і журналістаў ізноў не пусцілі. У залу змог увайсці толькі супрацоўнік амбасады Польшчы, які адмыслова прыехаў на працэс. Перад пачаткам пасяджэння жонка падсуднага Алена Каваленка заявіла журналістам: «Не аказваючы неабходнай медычнай дапамогі майму мужу, улады ідуць на свядомае забойства».

Актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі – БНФ Сяргея Каваленку вінавацяць ва ўхіленні ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Гаворка ідзе пра пакаранне, якое ў траўні 2010 г. вынес апазіцыянеру суд Кастрычніцкага раёну Віцебску за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай ёлцы Віцебску 7 студзеня таго ж года. Адбываючы пакаранне, Каваленка здзейсніў чатыры парушэнні, сцвярджаюць міліцыянты. Сябру КХП – БНФ затрымалі 19 снежня летась і з таго часу ўтрымліваюць у следчым ізалятары. На знак пратэсту ён абвесціў галадоўку.

Працэс над Сяргеем Каваленкам пачаўся 21 лютага, аднак першыя два дні суд не мог прыступіць да разгляду крымінальнай справы з-за сутычак сваякоў падсуднага з працаўнікамі міліцыі.

Родныя Каваленкі настойваюць на ягонай неадкладнай шпіталізацыі, матывуючы гэта тым, што ён на мяжы смерці ў выніку працяглай галадоўкі. Яны неаднаразова выклікалі ў суд брыгады хуткай дапамогі. Аднак суддзя Алена Жук са спасылкаю на заключэнне медыкаў заяўляла, што стан здароўя падсуднага дазваляе яму ўдзельнічаць у працэсе. Некалькі разоў Каваленка заяўляў суддзі адводы, якія былі адхіленыя.

22 лютага пасля бойкі з удзелам жонкі Каваленкі і супрацоўнікаў міліцыі з залы суда вывелі ўсіх журналістаў і сваякоў апазіцыянера. З таго моманту суд праходзіў фактычна ў закрытым рэжыме: у зале былі толькі людзі, якія не маюць да справы Каваленкі і яго самога ніякага дачынення. Пра хаду працэсу родныя даведваліся ад адвакатаў.

23 лютага ў другой палове дня суд нарэшце прыступіў да допыту сведак. Дапыталі чацвярых міліцыянтаў, жонку Сяргея Каваленкі і ягонага брата. Яшчэ адзін сведка ў суд не з’явіўся.

belsat.eu

Стужка навінаў