Леанід Гуляка: Ніякіх двух Саюзаў палякаў у Беларусі не існуе


Паводле ўпаўнаважанага у справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў, існуе толькі афіцыйна зарэгістраваны Саюз палякаў пад кіраўніцтвам Мечыслава Лысага.

Ён выконвае абавязкі старшыні замест Станіслава Сямашкі, які падаў у адстаўку. Гэты саюз, адзначыў Гуляка, аб’ядноўвае 77 абласных і гарадскіх арганізацыяў, у яго ўваходзяць прыкладна 8000 чалавек.

“У няісны саюз палякаў на чале з Анджэлікаю Арэхваю ўваходзяць максімум 150 чалавек”, – заявіў ён, падкрэсліўшы, што ў Саюз палякаў пад кіраўніцтвам Лысага “для ўсіх адчыненыя дзверы”. “Мы не дзелім палякаў – жыхароў Беларусі, як гэта робяць у Польшчы, на паважаных і не паважаных”, – адзначыў Гуляка.

“Польскі бок любіць гэтую тэму педаляваць, – мяркуе упаўнаважаны. – І я скажу, з якой прычыны. У нас у Беларусі жывуць 140 нацыянальнасцяў – грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, тады як палякі гэтую тэму трактуюць такім чынам: на тэрыторыі Польшчы жывуць палякі. Ёсць розніца? Прааналізуйце розніцу ў падыходах”.

Упаўнаважаны ў справах рэлігіяў растлумачыў: Саюз палякаў на чале з Анджэлікаю Арэхваю не зарэгістраваны, бо Міністэрства юстыцыі Беларусі налічыла 18 пазіцыяў парушэнняў і заўвагаў пры правядзенні з’езду саюзу згодна з яго ж статутам.

Палякі, адзначыў Гуляка, заяўляюць, што ў Польшчы шмат увагі надаюць вывучэнню беларускай мовы. Але “ніводнай школы, у якой вывучалі б усе прадметы на беларускай мове, там няма”, сцвярджае ён, беларуская мова ў Польшчы вывучаецца пераважна факультатыўна.
У Беларусі ж, сказаў Гуляка, працуюць дзве польскамоўныя школы: у Горадні ды Ваўкавыску. У іх вучацца больш за 510 дзяцей, якім выкладаюць усе прадметы на польскай мове.

Чыноўнік падкрэсліў: галоўныя пытанні стварэння грамадскіх саюзаў вырашаюцца на з’ездзе. Ён таксама паведаміў, што чарговы з’езд Саюзу палякаў у Беларусі плануецца правесці ў верасні 2013 г.

belsat.eu

Стужка навінаў