Анатоль Тозік: Кітайскія будоўлі не закрануць лецішчаў пад Смалявічамі


Віцэ-прэм’ер запэўніў дачнікаў, што яны не пацярпяць ад будаўніцтва беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку.

“Мы дамовіліся з кітайскім бокам, і зацвердзілі гэта ва ўказе, што парк мае будавацца толькі на вольных тэрыторыях”, – абвесціў віцэ-прэм’ер на паседжанні беларуска-кітайскай міжурадавай камісіі ў гандлёва-эканамічнай супрацы. Паводле Анатоля Тозіка, вольных тэрыторыяў у Смалявіцкім раёне хопіць на тое, каб развіваць парк дзясяткі гадоў.

Хваляванні ў дачным кааператыве “Рэчанька”, які складаецца з былых працаўнікоў Міністэрства ўнутраных справаў, пачаліся пасля з’яўлення ў інтэрнэце плану індустрыяльнага парку. Згодна з ім, лецішчы пенсіянераў мелі ісці пад знос. Дачнікі звярнуліся з калектыўнаю скаргаю ў адміністрацыю прэзідэнта.

Як пацвердзілі ў аддзеле архітэктуры і будаўніцтва Смалявіцкага райвыканкаму, рашэнне пра выдзяленне зямлі пакуль не прымалася, а абнародаваны план – эскізны. Ён быў складзены без уліку размешчаных на гэтай тэрыторыі аб’ектаў. Бізнес-план кітайскага парку будзе распрацоўвацца толькі пасля падпісання ўказу аб стварэнні буйнога інвестыцыйнага праекту.

Анатоль Тозік аспрэчыў меркаванні пра экалагічную небяспечнасць будучай вытворчасці. “Прадпрыемствы будуць абавязаныя прытрымлівацца строгіх экалагічных нормаў, якія ў шэрагу выпадкаў больш жорсткія, чым у Еўропе”, – паабяцаў віцэ-прэм’ер.

Беларуска-кітайскі тэхнапарк зойме каля 8000 га. На першым этапе плануецца забудаваць 400 га.

belsat.eu

Стужка навінаў