«За» і «супраць» Пуціна


Практычна кожны кандыдат на пасаду прэзідэнта Расеі правёў у Маскве мітынг 23 лютага, у Дзень абаронцаў Айчыны.

Найбольш сабралася прыхільнікаў Уладзіміра Пуціна. Паводле афіцыйных медыяў, падтрымаць дзейнага прэм’ера прыйшлі ажно 130 000 чалавек.

“Я не магу абняць кожнага з вас і кожнаму з вас паціснуць руку, – засмуціўся, убачыўшы такое падтрыманне, Пуцін, але абнадзеіў: – Аднак я ўсё бачу, і я ўдзячны вам за падтрыманне і маральную дапамогу. Я дзякую вам за кожны ваш голас. Мы яшчэ вельмі шмат мусім зрабіць для Расеі ды для нашага народу. І мы будзем рабіць гэта, абапіраючыся на талент нашага народу, на нашую вялікую гісторыю, якая напісаная потам і крывёю нашых продкаў!”

Пуцін застаецца найбольш імаверным пераможцам выбараў 4 сакавіка. У такім выпадку Расею чакаюць прынамсі яшчэ шэсць гадоў ягонага кіравання.

На мітынгу было вельмі шмат вайскоўцаў ды іхных сем’яў. Яны пэўныя, што менавіта Пуцін падняў Расею з калень і працягне рабіць гэта ў наступны прэзідэнцкі тэрмін.

“Вось менавіта ў Дзень абаронца Айчыны мы баронім сваю Радзіму – і баронім кандыдата на прэзідэнта Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна і дапамагаем яму стаць прэзідэнтам. І будзем дапамагаць яму служыць Айчыне і свайму народу”, – кажа афіцэр.

“Мы прыйшлі, каб выказаць народнае падтрыманне Пуціну. Думаю, што ён будзе пачувацца мацнейшым праз гэта”, – кажа мужчына.

“Мы за Пуціна, бо мы ў яго верым – мы прэзентуем вайсковыя прафсаюзы. Мы – былыя вайскоўцы. Дзе Пуцін – там і войска! Войска – заўсёды з ім”, – запэўніла жанчына.

На мітынгу было таксама шмат моладзі, якая паўтарала за старэйшымі словы пра “паднятую з калень” Расею і стабільнасць.

“За некалькі дзесяцігоддзяў ён даказаў, што ён вельмі моцны палітык, што ён вельмі сур’ёзны. Ягоны кірунак палітыкі спраўджаны не раз, і нашая краіна насамрэч паднялася з ім з каленяў… І мы яшчэ пакажам і Еўропе, і Захаду, і ЗША, што мы самыя-самыя з ім”, – верыць у Пуціна дзяўчына.

“Я падтрымліваю Уладзіміра Уладзіміравіча, бо ён вельмі добра сябе паказаў цягам сваіх першых двух тэрмінаў. І, канечне ж, хацелася б светлай будучыні для Расеі”, – кажа студэнтка.

Паводле апошніх сацыялагічных апытанняў, Пуцін можа разлічваць больш чым на 50 % галасоў. З ягоных супернікаў толькі Генадзь Зюганаў мае больш за 10 % падтрымання.

Лідар расейскіх камуністаў таксама правёў мітынг, на якім заявіў, што Пуцін не мае шанцаў выйграць у першым туры.

Аднак у ягоную перамогу не вераць нават тыя, хто стаяў ля сцэны. Большасць прысутных чакае фальсіфікацыяў, але не ведае, як змяніць сітуацыю.

belsat.eu

Стужка навінаў